Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 102
Сяргей Пясецкі
– Лічыце, што Польшчы тут не будзе… такой, якая была да 1939 года?
– Ясная рэч, што не будзе. Не для таго мы велізарныя страты панеслі і вайну вядзем, каб панам іхняе панства адбудоўваць!
Развіталіся мы, і пайшоў я дадому. Вельмі сумна мне зрабілася. Зразумеў, што мушу я назаўжды ў Расіі застацца, і што вялікае шчасце будзе, калі яшчэ жыццё сваё ўратую. Цяпер адна ў мяне надзея: гэты маёр. Бачна, што ён вялікі спрытняга і можа мяне ўратаваць. Зрэшты, і сябе абараніць мусіць. Цяпер я мушу за ўсім навокал уважліва сачыць і пра ўсё маёру дакладаць. Не атрымалася ў мяне стаць самастойным гаспадаром, таму трэба паклапаціцца хаця б пра тое, каб у Расіі кулю ў карак не атрымаць альбо не трапіць у лагер.
25 ліпеня 1943 года.
Фальварак Буркі.
Даўно я не пісаў, бо жаданне пісаць знікла. Не магу зразумець таго, што на свеце дзеецца. Папросту нейкая вар’ятня зрабілася!
Некалі пані Юзэфа расказала мне, што немцы за Смаленскам, у мясцовасці Катынь, магілы знайшлі, у якіх целы 10.000 забітых4 польскіх афіцэраў. Дадала, што немцы сцвярджаюць, быццам ахвяраў гэтых знішчылі рускія. А расійскі ўрад гэтыя злачынствы адмаўляе. Я ёй адразу сказаў, што гэта, напэўна, нямецкая работа, бо не можа быць у сацыялістычнай дзяржаве, якой кіруе вядомы ўсяму свету сваёй надзвычайнай дабрынёй і справядлівасцю Сталін, маглі зрабіць такое злачынства. Але яна сцвярджае, што гэта, хутчэй за ўсё, савецкая работа. Бо немцы, зразумела, мільёны людзей знішчылі, але ваеннапалонных не забіваюць і трымаюць іх у спецыяльных лагерах.
Калі я ў суботу спаткаўся з маёрам, дык спытаўся ў яго, хто тых афіцэраў у катынскім лесе пазабіваў? А ён мне на гэта адказаў:
– Вядома: наша работа. І вельмі добра, што абясшкодзілі іх назаўсёды. Гэта былі нашы ворагі, і нічога добрага мы ад іх чакаць не маглі. Трэба было б іх усіх у Польшчы панішчыць і толькі малых дзяцей пакінуць, каб па-нашаму выхаваць. Бо з дарослымі толькі клопат заўсёды мець будзем. Польскі народ увесь подлы. Заўсёды супраць Расіі бунтавалі, розныя паўстанні і рэвалюцыі ладзілі. І ніколі не мелі пашаны да дзяржавы, закону і ўлады.
Можа, ён і мае рацыю. Ён лепей за мяне ў гэтых справах разбіраецца. Дзеля гэтага ж спецыяльную адукацыю атрымаў.
Падчас апошняга спаткання маёр сказаў, што з немцамі зусім дрэнна і, мусіць, яны нядоўга вытрымаюць. Што мы можам хутка спадзявацца на вялікія змены. Сказаў ён мне наведваць часцей мужыкоў, заводзіць знаёмствы сярод моладзі і ўважліва сачыць за тым, што яны робяць. Сказаў мне таксама, што знайшоў яшчэ трох нашых салдатаў, якія ад войска адсталі і хаваюцца ў мужыкоў. Мае з імі сталыя стасункі, але яны не ведаюць, што ён маёр НКВД. Сказаў мне таксама, што ён мае намер у будучыні, калі немцы будуць уцякаць, пачаць супраць іх дыверсійную дзейнасць, каб дапамагчы Чырвонай Арміі перамагчы ворага. Гэта была б вялікая заслуга перад Расіяй. Не вельмі ўсё гэта мне спадабалася, але я ні ў чым з ім не спрачаўся. Самі разумееце: маёр НКВД!