Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 48

Сакрат Яновіч

Славутая нашаніўская пара набывала размаху. Прамінула нават не адно цэлае пакаленьне, а ўсяго дзесяць гадоў, калі — у 1918 годзе — лідэры беларускага руху ўзяліся за спробу стварэньня Беларускай Дзяржавы. На два гады да гэтае даты Браніслаў Эпімах-Шыпіла рэдагаваў францускі тэкст Мэморыі прадстаўнікоў Беларусі на III канфэрэнцыю народаў у швэйцарскай Лязане 1916 году — першы беларускі голас на палітычнай арэне Эўропы.

27. Стабілізацыя

Беларускі рух стабілізаваўся каля 1908 году, замацаваўшыся ў досыць сьціпльх маштабах, калі параўноўваць яго зь іншымі нацыянальнымі рухамі: украінскім, летувіскім альбо латыскім (ня кажучы ўжо пра польскі). Бракавала не актыўных ды інтэлігентных адзінак, але грошай. У культуры нічога не самафінансуецца; патрэбныя датацыі, дапамога багатых. „Нашу Ніву”, несумненна, страхаваў сваімі фальварковымі даходамі Аляксандар Уласаў з?пад Радашковічаў, хоць і ад яе экзэмплярнага распродажу ды рэклямы на ейных старонках быў, відаць, неблагі абарот. Выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” мела падобнага добрага дзядзьку ў асобе Браніслава Эпімах-Шыпілы, высокаплатнага дацэнта Пецярбурскага Ўнівэрсытэту. Што гэта так было, сьведчьць кароткі лёс наступнай значнай беларускай ініцыятывы, а менавіта, заснаванага напрыканцы таго ж 1908 году кнігавыдавецкага таварыства „Наша Хата” зь сядзібаю ў Вільні. У сьпісе яго фундатараў бачым зусім малавядомыя прозьвішчы: Ігната Даніловіча, Ігната Манькоўскага, Анатоля Бонч-Асмалоўскага, але й Аляксандра Ўласава. Фірма праіснавала каля двух гадоў, няшмат зрабіла й ціха збанкрутавала. Пакінула па сабе сякі-такі сьлед, выдаўшы Другое чытаньне для дзяцей беларусаў Якуба Коласа, дзеля коштаў друку якога падаслаў крыху рублёў каапэратыў Браніслава Эпімах-Шыпілы (або й ён сам асабіста); затым вядомую ананімную паэму Тарас на Парнасе, і, што цікава, пераклад апавяданьня Марыі Канапніцкай Дым і Станіслава Віткевіча Дзядзька голад. Чытацкая база аказалася вузкай, абмежаванай да самавукаў роднай мовы, пры тым безь лішняе капейкі ў кішэні. Ня надта было на кім зарабіць тады.

Разьвіцьцё культуры без прафэсійнасьці ў ёй — гэта ўтопія альбо наіўнасьць. Сьледам за літаратураю, публіцыстыкай, навуковай і грамадзкай дзейнасьцю ўсталяваўся й прафэсійны беларускі тэатар. Ягоны стваральнік, Ігнат Буйніцкі, таксама прайшоў праз кола інфлянцкіх цывілізаваных інсьпірацыяў, закончыўшы землямернае вучылішча ў Рызе, адкуль падаўся ў прыватную драматычную студыю ў Вільні. Спачатку хлеб еў з таго, што працаваў каморнікам (трэба сказаць, нават адэкватны занятак дзеля назіраньняў за людзкімі тыпамі). У 1907 годзе ў сваёй мясцовасьці Палівачы, што на Глыбоччыне, арганізаваў аматарскі гурток, на падставе якога ў 1910 годзе было апавешчана ўтварэньне першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Падтрымліваў ён гэты тэатар уласнымі сродкамі — сьцьвярджаюць знаўцы эпохі. Праграма была мяшаная: песьні, танцы, сцэнкі, але выступалі й поўныя спэктаклі, напрыклад, У зімовы вечар паводле Элізы Ажэшкі. З чужаземнай клясыкі — быў пастаўлены твор Антона Чэхава Сватаньне. Вядома, захапляючых амбіцыяў не магло быць у гэтага гурта, бо жыў ён з вандраваньняў па Беларусі. Выконваў адначасна мэсіянскую ролю будзіцеля нацыі. Шмат хто, у іх ліку й сам нэстар, прайшлі перш польскую драматычную школу, бывалі акторамі польскае сцэны.