Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 47

Сакрат Яновіч

Варта цяпер прыгледзецца да храналёгіі беларускіх падзеяў у так інтрыгуючым нас 1906 годзе. Увесну арганізавалася згаданая суполка. Напрыканцы лета зьявілася газэта „Наша Доля”. Глыбокай восеньню пачала пульсаваць рэгулярным штотыднёвым рытмам „Наша Ніва”. Тры факты, якія ажно просяцца пра ўзаемную сувязь. Няўжо не дакраналася да іх рука Браніслава Эпімах-Шыпілы? Энцыкляпэдысты адзначаюць, што ён кантактаваўся з рэдакцыямі... Відаць, ён быў адным зь іх дабрадзеяў, перш за ўсё ў значэньні прыватнага спонсара. Бо — акрамя фальваркоўца Аляксандра Ўласава, які ўзяў на сябе ролю адказнага рэдактара „Нашай Нівы” — яшчэ менавіта Браніслаў Эпімах-Шыпіла меў сапраўдныя грошы за сваю прафэсарскую функцыю. У яго была акуратная кватэра, у якой пастаянна нехта пражываў ды падвучваўся, між іншым, ці не аж два гады кватараваў і Янка Купала, падцягваючы на курсах Чарняева сваю слабенькую адукаванасьць прынамсі да ўзроўню, блізкага атэстату сталасьці. Шыпіла бачыў у Купале небанальны талент, але й інтэлектуальную мізэрнасьць, якая хіліла долу самародную геніяльнасьць. Даць бы яму ўнівэрсытэцкія веды, зусім на іншых тонах зайграла б несьмяротная ліра аўтара Сну на кургане. Яго аберагалі ад рызыкі палітычнай працы, хоць і выкарыстоўвалі ягонае вострае ды глыбокадумнае пяро. Быў благі прыклад Аляксандра Прушынскага — Алеся Гаруна, якога за антыўрадавую дзейнасьць саслалі ў залатыя капальні Сыбіры. Забілі выдатнага паэта, загнаўшы ў нявылечныя тады сухоты.