Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 49

Сакрат Яновіч

Беларускае адраджэньне анімавалі асобы зь незвычайным характарам ды непраўдападобнай актыўнасьцю ў самых розных напрамках. Свайго роду маляўнічай постацьцю зьяўляецца Алесь Бурбіс, пасьлейшы намесьнік міністра замежных спраў Беларускай ССР. Гэты віленчук амаль ад нараджэньня займаўся беларускай дзейнасьцю: у васемнаццацігадовым узросьце стаяў у цэнтры арганізацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады; неўзабаве быў зьняволены й пасаджаны ў вязьніцу; пасьля прыняў удзел у тэатры Буйніцкага ды ў Беларускім Музычна-Драматычным гуртку ў Вільні як актор і рэжысэр, выканаўца драматычных і камэдыйных роляў; перакладаў польскія, расейскія і ўкраінскія п’есы для патрэбаў беларускай сцэны; пісаў працы па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе. І чым ён толькі не займаўся, а ўсенька выконваў акуратна, не павярхоўна; шмат чытаў і грунтоўна рыхтаваўся да кожнай працы, за якую браўся. Ня дзіва, што ягонае сэрца ня вытрывала, памёр ён у пушкінскіх гадох. Крыўдна й роспачна робіцца на душы ад усьведамленьня таго, што месца такіх людзей займалі розныя філістры, нейкія чалавечыя адпадкі, люмпэнскія фрустраты.

Сусьветная вайна паклала канец нашаніўскай пары. Фронт каціўся на Вільню й пад Менск, у армію мабілізавалася інтэлігенцкая моладзь (бачым на фатаграфіі й Янку Купалу ў афіцэрскай форме). Чамусьці найчасьцей накіроўвалася яна на румынскі фронт, на якім фармаваліся ў рэвалюцыю 1917 году беларускія вайсковыя часьці. Але пакуль да гэтага дайшло, прамінула некалькі вельмі важных беларускай справе гадоў, на якія зьвяртае нашую ўвагу маладзенькі акадэмік Браніслаў Тарашкевіч — у гімназійныя свае часы ўдзельнік польскай незалежніцкай кансьпірацыі, у якую адкрыў сябе беларусам і — стаўшы вучоным — стварыў Беларускую граматыку для школ.

Нямецкае нашэсьце моцна прысьпешыла ход палітычных падзеяў. Беларускае пытаньне нарэшце перастала быць перш за ўсё ўнутрырасейскім. Бэрлінская палітыка імкнулася распорваць дзяржаву Раманавых па этнічных швах. Палякам кайзэр гарантаваў у 1916 годзе каралеўства, а беларусаў зь літоўцамі спадцішка падбівалі адтуль да ідэі аднаўленьня даўняга Вялікага Княства. Галоўная ўступка была зроблена ім аднак ня ў сфэры тайнае дыпляматыі, якая была яшчэ віламі па вадзе пісана, але ў дапушчэньні да арганізацыі асьветы ў вёсках і мястэчках; беларускае слова было ўведзена ў мясцовую адміністрацыю нароўні з польскім і нямецкім, фінансаваліся некаторыя культурныя й грамадзка-палітычныя акцыі, газэтныя выданьні, што выклікала пазытыўны шок у супастаўленьні з адносінамі царскага рэжыму. Вядома, немцы мелі ў гэтым уласны разьлік, але гэта Нямеччына, а не Расея, палічыла патрэбным і важным займець на свой бок сымпатыю беларусаў. Надышоў той унікальны гістарычны момант, у які ўзьнік шанец паставіць пытаньне аб утварэньні прынамсі нейкай формы беларускай дзяржаўнасьці. Але, калі славутую лязанскую мэморыю рэдагаваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла — чалавек культуры, а не палітыкі — то адразу ясна, што палітыкаў Беларусь ня мела; яны аб’явіліся толькі ў 1918 годзе — запозьненыя ды няўмелыя. Награшыла ў гэтым Беларуская Сацыялістычная Грамада, якая была наскрозь пранізаная культурніцтвам, будаваньнем нацыі, але не была падрыхтаваная да міжнароднага партнэрства.