Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 45

Сакрат Яновіч

У 1902 годзе, калі пецярбурскія студэнты-беларусы думалі пра анімацыю таемнага беларускага руху, яшчэ не было Янкі Купалы, а ў яго асобе насіўся па сьвеце шляхтаваты Ян Луцэвіч, які ў дзень імянінаў сястры Леакадзіі напісаў, прысьвечаны ёй, гумарыстычны вершык па-польску. Пасыпаліся й іншыя, нават публікаваныя недзе ў Варшаве... Праз два гады пасьля, летам 1904 году, нябрыдкі Янук з парафіяльнай славаю „альбомнага паэта”, за якім прападалі экзальтаваныя маладыя шляхцянкі, дае сабе зарок — пісаць толькі па-беларуску. Што здарылася зь ім? Памёр бацька Дамінік, асіраціўшы семярых дзяцей, зь якіх трое таксама неўзабаве адышлі на той сьвет, і Януку — як старэйшаму — давялося мазоліць рукі на гаспадарцы. Сям’я — не зь інтэлігенцкіх — і цяга ў хлопца да кніжак пярэчыла ягонаму мужыцкаму лёсу. Пашукаў лягчэйшага хлеба, але маці хварэла, і трэба было вярнуцца да плуга. Біёграфы Янкі Купалы ўстанавілі надзвычай цікавыя дзьве даты, якія адносяцца да таго ж 1904 году: 14 ліпена напісаў ён апошні свой польскі верш пад загалоўкам Пра жанчыну, а назаўтра, 15 — Маю долю, самы раньні зь вядомых дагэтуль беларускіх твораў Купалы. Пераход ад салённага стылю да цьвёрдай грамадзкай паэтыкі можна тлумачыць жыцьцёвым упадкам аўтара, горыччу, але гэта ня будзе поўная праўда. У тое ж лета пазнаёміўся ён у Менску з Алесем Бурбісам, адным зь вядучых арганізатараў беларускай кансьпірацыі. Сустракаўся і з Антонам Лявіцкім, выдатным пасьля майстрам роднага слова, якога ведаем у гісторыі літаратуры як Ядвігіна Ш. Гэта ён, седзячы ў царскай турме, у 1891 годзе пераклаў славутае апавяданьне Ўсевалада Гаршына Сігнал, а ў наступным годзе — напісаў камэдыю Злодзей, пастаноўку якой забараніла паліцыя. Вучань школкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, як памятаем, натуральна зацікавіў прагнага кніжак Янука Луцэвіча спадчынаю бацькі беларускай літаратуры ды творчасьцю Францішка Багушэвіча — бацькі нашага патрыятызму.

Разам зь Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам прыходзіла ў літаратуру краю ўжо чарговае пакаленьне. Магло й яно не адыграць заўважальнай ролі ў грамадзтве пры сваім жыцьці, як здарылася гэта з ранейшымі творцамі: Янам Баршчэўскім, Янам Чачотам, Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, Францішкам Багушэвічам, Альгердам Абуховічам-Бандынэлі, Адамам Гурыновічам... Каб чаго дабіцца ў Беларусі, трэба доўга жыць. Імпэрыя, стомленая пятроўскім галёпам у сваіх пачатках, драмала й трымалася на арміі. І толькі ў век капіталізму набралася яна імпэту. Вырасьлі ёй канкурэнты. На Далёкім Усходзе лупіла па ёй параўнаўча малая Японія, якая хутка дасягнула эўрапейскага разьвіцьця, асабліва ў галіне прамысловай тэхналёгіі. Запозьненая Расея апынулася перад шматлікімі й цяжкімі праблемамі — у іх ліку выйшла на верх і беларуская.