Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 44

Сакрат Яновіч

Тым ня менш прыгаданыя газэтныя скандалы з 1907 году не адышлі ў нябыт, не пакрыліся пылам бібліятэчных архіваў. Засталіся — на жаль — актуальнымі да пачатку новага, XXI веку. Іхная жывучасьць ня ёсьць вынікам інтэлектуальнай заглыбленасьці тагачасных ворагаў беларушчыны, але — увага! — рознай прыроды нацыянальнай сьвядомасьці, што набывала папулярнасьць у наважытных палякаў і ў наважытных беларусаў. Гэта быў сапраўды самы натуральны канфлікт паміж культурай родам з панскіх двароў і культурай родам з?пад саламяных стрэх. У напамін кажучы, навука ведае народы з фэадальным мэнталітэтам (напр. палякі, французы, ангельцы); з плебэйскім — як чэхі альбо нідэрляндцы, і зь сялянскім, да якіх можна залічыць цэлую паласу ад Чорнага мора да Скандынавіі, не забываючы й пра Балканы.

Маючы такую інфармацыю, мы будзем у стане зразумець і ацаніць творчасьць волатаў Белай Русі: вершы, паэмы й драмы таго ж Янкі Купалы, ці спакойнага ў сваім пісьменьніцкім рэагаваньні эпічнага Якуба Коласа. Дойдзе да нашых пачуцьцяў геній Максіма Багдановіча, узгадаванага на Волзе, у самым сэрцы Расеі, а які — па сёньня неразгаданымі імпульсамі — сфармаваўся ў незабыўнага патрыёта, аўтара славутае „Пагоні”.

„Нашу Ніву” друкавалі „рускімі і польскімі літэрамі”, як тады гаварылася. Афіцыйна тлумачылася гэта выгадаю чытачоў, сярод якіх былі праваслаўныя й католікі. Такім чынам царскія цэнзары не знаходзілі падставаў ня верыць рэдакцыі, каб прымусіць яе карыстацца толькі пажаданым шрыфтам. Але ў гэтай нявіннай справе выявіўся глыбокі сэнс: Беларусь на мяжы паміж усходняй і заходняй культурамі. У першай зацікаўленая таксама й Расея, а ў пашырэньні другой — Польшча. У тым адна з галоўных прычынаў, што кожная з гэтых сілаў цягнула да сябе, уважаючы нас за сваіх (не было такіх сумневаў, напрыклад, з Украінаю). Беларускі жывот балтыйскага культурнага басэйна безупынна хварэў дызэнтэрыяй... Яго напіхалі ідэалягічнай усякай усячынаю, аж урэшце паклала гэтаму канец Беларуская Сацыялістычная Грамада.

25. Зарок

Як вядома, віленская беларуская штотыднёвая газэта „Наша Ніва” выходзіла на працягу няцэлых дзесяці гадоў. Яе выхад быў спынены Першай Сусьветнай вайною, а дакладней кажучы — заняцьцем немцамі заходняй тэрыторыі Беларусі ў 1915 годзе. Час, адпушчаны ёй лёсам, ня быў працяглы, але й ня надта кароткі, калі прыкласьці да гэтага гістарычныя меркі адраджэньня беларусаў. Яе зьяўленьне паспрыяла фармаваньню культурнага й палітычнага цэнтру, якога так не хапала ў цэлым працэсе нараджэньня й крышталізацыі нацыянальнасьці. А рэшта аказалася наступствам векапомнага факту. Нельга думаць, што ў мінулым, доўгім ХІХ стагодзьдзі, не прыходзілі на сьвет Божыя людзі з талентам роўным Янку Купалу, Якубу Коласу, ці Максіму Багдановічу. Яны былі, як той жа незабыўны Паўлюк Багрым або заўчасна памерлы Адам Гурыновіч. Аднак таленавітасьць сама па сабе не разьвіваецца, неабходныя ёй адпаведныя ўмовы. Знакаміта ілюструе гэта гісторыя творчасьці вялікага Янкі Купалы. Пачынаўся ён як паэт, менавіта, польскі, што выразна было абумоўлена ягоным рыма-каталіцкім веравызнаньнем. Тыповы мэханізм эмансіпацыі інтэлектуальных адзінак у падкаляніяльным народзе: пераймаць культуру калянізатараў. Ідэнтычна абуджаліся літаратурныя здольнасьці і ў Якуба Коласа — розьніца ў тым, што, будучы выхаваным у праваслаўным духу, схіляўся ён пачаткова да расейшчыны. Цуд адкрыцьця ўласнае душы й Айчыны ў аднаго і ў другога здарыўся тады, калі ўжо дзейнічала беларускае палітычнае падпольле, калі вялі сваю працу ягоныя геральды. Запамятайма: не раней!