Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 43

Сакрат Яновіч

У пачатковай фазе згаданыя нападкі мелі павярхоўны, часта кплівы характар, адлюстроўваючы перш за ўсё як быццам зьдзіўленьне тым фактам, што вось друкуецца „Наша Ніва” на мове, якой ніхто з культурных і маральных аўтарытэтаў краю не ўспрымае ўсур’ёз; на мове галоты, а не дастойных павагі заможных слаёў насельніцтва, як маёмасныя землеўладальнікі ці фасоністае мяшчанства. Атакі давалі на практыцы супрацьлеглы ад запля-наванага вынік, выклікаючы ў чытачоў яшчэ большую цікавасьць да незвычайнай „Нашай Нівы”, на якую падпісаліся таксама многія з элітарных колаў тутэйшага грамадзтва, у іх ліку і з разрослага роду даўніх магутных князёў Радзівілаў. Тады была зьмененая тактыка: спынілася ганьбаваньне ўсім беларускім, прызнавалася існаваньне такой культуры й нацыі, але ў сэнсе пераходнай стадыі — далучэньня да польскай ды поўнай асыміляцыі зь ёю. Такая задума, як добра памятаем, не была вынаходніцтвам антаганістаў „Нашай Нівы”, а мае традыцыі бадай ці не аж у XVIII стагодзьдзі. Зрэшты, да падобнае „пераходнасьці” намаўлялі беларусаў і расейскія шавіністы. Дарэчы сказаць: па сёньняшні дзень не зьвяліся і адны, і другія. На пахіленую вярбу, то й козы скачуць!

Урэшце, аднак, дайшло да вульгарнага палітычнага даносу на беларускі рух, каб яго зламаць, спляжыць. Палемісты надумаліся напалохаць ім дзяржаўныя ўлады, прынамсі віленскае губэрнатарства як непасрэдна адказнае за дапушчэньне гэтага трэцяга партнэра да розыгрышаў за лёс краю. Была распаўсюджаная ў друку тэза, што беларускую нацыянальнасьць прыдумалі непапраўныя бунтаўнікі, якім надта трэба пасварыць мужыка з панам! На шчасьце, час і эпоха настолькі зьмяніліся, а сталыпінская хутарызацыя сельскай гаспадаркі пайшла такімі тэмпамі, што пужлівымі падказамі ніхто цяпер не дурыў сабе галавы ў міністэрскіх кабінэтах, акрамя дэпартамэнту паліцыі... Барацьба паступова сьціхла, нянавісьнікі самабытнасьці Беларусі як быццам пагадзіліся зь існаваньнем „Нашай Нівы”, а неўзабаве і з шэрагам іншых часопісаў, як „Саха” ці „Лучынка”, і з заснаваньнем выдавецкай суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, якая на сваім кароткім вяку — да Першай Сусьветнай вайны — выпусьціла сотні кніжак, знаходзячы ім збыт нават у глушмані.