Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 5

Miкола Гіль

От тады яна і пераехала да Толі з Ірай. Заняла ў пакойчыку Светаччын ложак, каб смялей і весялей было другой іхняй дачушцы, Людачцы, каторая тады толькі ў трэці тэпала. А сёлета Людачка ўжо дзесяты канчае. І ўсе гэтыя восем гадоў была для бабкі найбольшай дакучніцай і найлепшай уцехай. Толю таму за шафёрствам вечна часу няма, з кранам па аб'ектах гойсае, Іра сваім клопатам занятая, а Людачка заўсёды пры ёй і з ёй. Яна наслухаецца ўнуччынага шчабятання, пакуль тая ўрокі робіць, а пасля сама ўдосталь нагаворыцца, бо Людачка як прычэпіцца — раскажы, бабуля, як ты малой была,— то не адгаворышся, не адмахнешся. От яна ляжыць ці сядзіць і расказвае. Часам і робіць што — вяжа альбо шые, — і расказвае. І да таго прывыкла, змалку, калі яшчэ малою гарэзаю была, што спаць не ляжа, вачанят не заплюшчыць, пакуль бабуля ёй што-небудзь не раскажа. Не, не казку. Казку, смяецца, я і сама прачытаю — вунь, бачыш, бабуля, колькі іх у мяне: і браты Грым, і Андэрсен, і Харысу і Кэрал, і Чукоўскі, і народныя... Яна і слоў бы тых нізавошта не вымавіла! Раскажы ты, бабуля, не казку, просіць, а пра тое, як ты жыла, у якія гульні гулялі тады дзеці, якія кніжкі чыталі... А як падрасла, дык, блазнота, пачала прасіць, каб бабуля расказала, як хлопцаў за нос вадзіла, як на вечарынкі хадзіла, як замуж ішла... Яна не адмаўлялася, расказвала. Пра ўсё, што памятала, на што не забылася. І дзівілася, што Людачка слухае, не засыпае, раз-пораз перапытвае, калі чаго не разумее. І радавалася чамусьці гэтай унуччынай цікаўнасці.

А як некалькі гадоў назад Толя купіў Людачцы магнітафон, дык яна да чаго даўмелася? Пачала бабуліны апавяданні на магнітафонную стужку запісваць! Неяк сказала: «Помніш, бабуля, ты расказвала, як цэўкі сукала? Мама твая кросны тчэ, ты цэўкі ёй сукаеш, а яна табе казкі расказвае ці песні пяе... Давай і мы гэтак — ты мне расказвай, а я запісваць буду. Быццам тыя самыя цэўкі сукаць, добра?» Колькі яны тых цэвак панасуквалі — каб хто ведаў! І не сцірае, кнігаўка, беражэ! Кажа: «Гэта, бабуля, музейны матэрыял, экспанаты». Смяецца з дурной бабкі, а бабцы тое зусім і не крыўдна. Нельга на Людачку крыўдаваць. Душа ў яе добрая — мяккая, адходлівая. Усіх любіць і ўсіх шкадуе. Гэта ж ні разу яна, Стэпачка, не чула, каб Людачка кепска сказала пра каго-небудзь з падружак сваіх па класе. Добрая, ласкавая і разумная дзяўчынка расце. Гэта, няйначай, як узнагарода Толю і Іры за тое, што не стала ў іх Светачкі...

Ага, дык от яна і сказала Людачцы: паеду я, унучачка, у Альхоўку, мо і ў Ганаровічы загляну, нешта думаецца мне, што мо апошні разок я туды выбіраюся, паеду, пахаджу там, мамінай і татавай магілкам пакланюся, ля іхніх грудкоў пасяджу... А Людачка, тая кнігаўка цыбатая, яе ў шчаку цмок, у другую цмок, кажа: «Едзь, бабуля, абавязкова едзь, толькі не думай, што апошні раз, пра гэта табе рана думаць, ты мяне туды яшчэ не звазіла, а, помніш, абяцала, цяпер я з табой не магу, мне экзамены трэба здаваць, а ты едзь...» Ну, калі ўнучка благаславіла, дык чаго ж яшчэ? От яна і паехала. Села ў аўтобус і паехала. Цяпер, дзякаваць богу, аўтобус у саменькую Альхоўку ходзіць. Праз вёску з канца ў канец праедзе і далей пакоціцца, на Селішча і Корань, а ты, баба, злазь, дзе табе хочацца ці трэба...