Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 7

Miкола Гіль

І так разверадзіла сябе, што доўга не магла суняць слёз — абрывала на грудках траву, насіла ў прыпале жаўтапесак і сасновыя шышачкі, аздабляла павесялелыя і быццам павышэлыя грудкі, а сама ўсё плакала і плакала, і ўжо не так, здаецца, над татам і мамай, як над сабою. Думалася чамусьці, настырна лезла ў галаву, што і яе ўжо скорую магілку напаткае такі ж лёс — мусіць, не надта доўга будуць прыязджаць да яе ў адведкі дзеці. Чаму тое лезла ў галаву, не магла б вытлумачыць, а от жа лезла і лезла. Чаму яна сама так даўно не была тут? Перад кім і чым апраўдацца? Па вайне жыццё было такое, што найперш трэба было думаць, як дзяцей накарміць-апрануць. Ну, а пасля, калі жыццё палепшылася, калі ўжо не трэба было трэсціся-дрыжаць над кожнай капейчынай? Чаму ж яна не ўспомніла? Успамінаць-то ўспамінала, ведама, але ж от не знаходзіла часу, каб прыйсці, прыехаць сюды, пабыць з імі хвіліну-другую, не кажучы пра большае. Дык чаго ж дзяцей сваіх папракаць загадзя? Альхоўкі яны выракліся? А мо ёй гэта, старой, здаецца? Мо ад таго яны такія і непрыкаяныя, што душа іхняя разрываецца між Альхоўкай і горадам? Ад болю таго нябачнага, ад бяссілля, што і там ужо, у Альхоўцы, не змогуць жыць і рабіць, як калісьці яна жыла і рабіла, і тут, у горадзе, не заўсёды трацяць на тое, на што след, сілу і сродкі?

Яны, маладыя, пра гэта са старой маткай не гавораць. Чаго яны будуць з ёй гаварыць? Хіба дурная, цёмная баба, хоць і матка родная, зразумее іх, сённяшніх? Яны ж граматныя ўсе, ведаюць усё чыста на свеце — пра што ж яны будуць гаварыць з ёю, пра што пытацца і рахавацца?

Дурная яна, хай сабе і так, але, калі на тое пайшло, магла б і сказаць сёе-тое. От, напрыклад, чаму яна пайшла да Толі з Ірай жыць? Ну, ведама, і таму, што Светачка памерла — каб Людачцы не боязна было адной у хаце, як бацька з маткай на работу пойдуць, каб спаць ёй не адной у тым пакоі, дзе Светачка памірала. Але ж не толькі таму. Гора паклікала, гэта праўда. Але яна б і па другой прычыне да Толіка з Іркай пайшла. Здавалася ёй, што жывуць яны неяк не так, як Міша жыве, ці Косцік, ці Вася з Сонькаю. Толя з Ірай жывуць, здавалася ёй, быццам так, як яны некалі жылі — яна, Стэпачка, са сваім Раманком. Добра жывуць. Між сабою ласкава, па-людску, без крыку таго, без папрокаў і звягаў, без сварак і лаянкі. Ні Толя на Іру, ні яна на Толю слова благога ці сказалі калі,— яна, пакуль да іх не перайшла, думала, што і праўда не сказалі. Здавалася ёй, што і за грашыма тымі па-дурному яны не гоняцца, як Сонька ці Мішава Вера. А пажыла, то і пабачыла, што і яны тым жа богам хрышчаны. Адно — каб дастаць, здабыць нешта, каб сабраць, назапасіць як мага болей.

Яна, Стэпачка, думаючы от так пра дзяцей, лавіла сябе на тым, што не разумее яна, няйначай, нечага. Усё здаецца ёй, што не жывуць яе дзеці, а толькі збіраюцца жыць, спадзяюцца, што яшчэ прыйдзе да іх час, калі яны будуць жыць па-сапраўднаму.