Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 6

Miкола Гіль

Вылезла Стэпачка — тут, у Альхоўцы, яна ж, ведама, зноў Стэпачка — там, дзе ўсе вылазілі, на прыпынку ля Маўчановых. Ранічка такая харошая, самая што ні ёсць летняя, зелень на дрэвах у самай сіле і крамянасці, на градах, за платамі відаць, усё жыўцом угару лезе, і пылу таго пазнейшага, ліпеньскага і жнівеньскага, яшчэ няма, паветра чыстае, духмянае, з прысмакам першай скошанай, яшчэ не даспелай травы на ўзмежках. У яе на душы ад усяго гэтага самае што ні ёсць свята. Стаіць, дзе стала, як высунулася з аўтобуса, і не ведае, што рабіць, куды паткнуцца найперш, у каторы бок пайсці. Пашкадавала, што не злезла ў пачатку Альхоўкі — так бы і прайшла б па сяле з канца ў канец. А цяпер трэба назад ісці, на гару, у Гаранскі канец, дзе некалі яе хата стаяла.

Але не датупала да колішняй сваёй сядзібы, як напаткала Зосю Гарошкаву. Тая на лаўцы пры вуліцы сядзела. І яна, Стэпачка, пры ёй прысела. Слова за слова, дык і гадзіну, пэўна, прабалантэсілі. Успомнілі, што няма ўжо Надзі Камоцкай, Гілены Прусавай, Ганны Пайковай, і Анюты Гэрцавай, і Марылькі Марошкавай, каторая нядаўна, сяголетняй зімою, памерла — усіх іхніх колішніх сябровак-падружак, з якімі разам дзяцей раджалі і гадавалі, вайну перажылі, пасля вайны галадалі і гаравалі. І не стрывалі, падняліся з лаўкі і праз апусцелы Марыльчын двор пачыкільгалі на могілкі, у адведкі да іх.

Адтуль, з могілак, Стэпачка ў сяло не вярнулася — парашыла напрасткі, праз Глінішча і Смалякоў роў, схадзіць у Ганаровічы, на бацькаву і мацерыну магілкі, паабяцаўшы Зосі прыйсці да яе начаваць.

Яна так і зрабіла — пайшла напрасткі, хоць і шкадавала пасля, што не выбілася на дарогу, бо і Глінішча тое, і Смалякоў роў, аказваецца, пазарасталі, колішнія сцежкі пазнікалі, і яна язык высалапіла, пакуль церабілася праз зараснікі. Думала, што ўжо не дойдзе да Ганаровіцкіх могілак — так падбілася. А на могілках, да ўсяго, знервавалася, расстроілася ўшчэнт ад таго, што доўга не магла адшукаць бацькаву і мацерыну магілы. Даўно не была тут Стэпачка, недаравальна даўно. Могілкі разрасліся, свежыя магілы вунь ажно куды пабраліся, з-пад хвой на поле выбеглі. І яна адшукала родныя грудкі дзякуючы старой расахатай хваіне — памятала, што паблізу ад яе паклалі тату і маму. Упала на ўтравелыя, паніклыя, неабгароджаньтя — па старой яшчэ завядзёнцы — грудкі і знячэўку расплакалася: гэта ж, пэўна, ужо мала хто і з ганароўцаў ведае, хто ляжыць тут. А вінаватая яна, Стэпачка. Магла ж бы, каб захацела, і абгарадзіць, на цяперашні лад, і помнічкі якія-небудзь, хай не моцна дарагія, паставіць, Вася ж бы не адмовіўся памагчы, і Міша з Толікам, а то ж во — перад людзьмі сорамна...