Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 189
Miкола Гіль
І ўсё вярталася на кругі свае...
Але аднойчы ты зноў убачыш у вулічным натоўпе знаёмае зямляцкае аблічча, і табе, затурканаму мітуснёй, рытмамі і тэмпамі паўтарамільённага чалавечага мурашніка, захочацца кінуцца яму напярэймы, парукацца, мо нават абняцца, распытаць, як зямляча маецца, ці даўно быў у роднай Бярозаўцы (ці Залессі, скажам, альбо Мачулішчах), што там чуваць, і, расчулены, ты загаворыш аб тым, што добра было б сабрацца там, у Бярозаўцы (ці Залессі), усім разам, бярозаўскім (ці залескім) аднагодкам, сабрацца з жонкамі і дзецьмі, пасядзець, пагаманіць, успомніць, прычасціцца з тае крыніцы, з якое пілі, калі былі лепшымі — чыстымі, добрымі, даверлівымі, чэснымі, калі не ведалі, што ёсць на свеце подласць, несумленнасць, фальш, пошласць, несправядлівасць і звычайная, зусім, нібыта, бяскрыўдная чалавечая абыякавасць...