Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 3

Miкола Гіль

У Альхоўцы яна, цётка Стэфа, нарадзілася. Не, нарадзілася ў Ганаровічах, за тры кіламетры, а ў Альхоўку замуж пайшла, за Раманка свайго. Даўно яна не была ні ў Альхоўцы, ні ў Ганаровічах. За дваццаць гадоў, як з'ехала адтуль, два разочкі ўсяго. Няма да каго ездзіць. Бацька і маці памерлі яшчэ да вайны, перад саменькаю вайною; браты Паўлюк і Пятрусь разам з сем'ямі ў вайну пагінулі — іх усіх спалілі жывымі ў першую блакаду; Іван маладым па дурноце сваёй загінуў — з вяселля ішоў, з Забор'я, і замерз, у сумяі знайшлі на трэці дзень, а Кастусь без вестак прапаў недзе на Далёкім Усходзе, дзе служыў камандзірам яшчэ да вайны; сястра Аксеня ў Ленінградзе ад голаду ў блакаду зайшлася, а сярэдняя іхняя, Волька, як і сама яна, з'ехала ў горад, толькі не ў Мінск, а ў Жодзіна, чатыры гады, як памерла, і пахавана не там, дзе нарадзілася, а на гарадскіх могілках. От і няма ёй да каго ездзіць. А ўсё ж два разочкі з'ездзіла. Хаваючыся з'ездзіла. Быццам у маліну, а па самой справе — паглядзець, паслухаць, што там і як. Ці цеперся развіталася з Альхоўкай, усе свае карані там паабсякала, а ўсё адно цягне туды і цягне, як магнітам.

Гэта ж, памятае, сышла з аўтобуса, ступіла на брук, а да яе як кінецца кабета, як загамоніць: «А Стэпачка, а родненькая, няўжо гэта ты?!» Расплакалася яна тады, тым разам, абдымаючы на вуліцы, у смуродным шызым воблачку, які пакінуў пасля сябе аўтобус, Гілену Прусаву. Расплакалася ад таго ўжо, што сваё звычнае імя пачула — Стэпачка. Яна ж у горадзе зрабілася цёткай Стэфай. А ўсё жыццё, лічы, як выйшла за Раманка і пераехала ў Альхоўку, была Стэпачкай. Ён — Раманок, а яна — Стэпачка. Ён-то быў Раманком і перад тым — усе да яго Раманок ды Раманок. А яна ў маці, у Ганаровічах, Стапкай хадзіла. І ў хаце і на вуліцы яе так і звалі — Стэпка. А ў Альхоўцы ўраз перарабілі на Стэпачку. Каб сказаць, што яна малая была, дробная, мізэрная, дык — не. Гэта ж, пэўна, па Раманку, па мужыку ахрысцілі. Калі ён Раманок, дык, значыцца, яна — Стэпачка. Так і пайшло. Па вайне Раманка не стала, а яна ўсё роўна Стэпачкай засталася. І дваццаць гадоў усё Стэпачка ды Стэпачка. Калі дык яшчэ Раманкова дададуць.

А ў горадзе неўпрыкмет на цётку Стэфу перайначылі. Новае імя прыліпла да яе ў бальніцы. Перабралася яна ў Мінск да Васі, да старэйшага свайго. А жыў Вася на пятым паверсе, пад самай страхою. Ёй тады якраз шэсцьдзесят стукнула, лёгкая яшчэ была на ногі і, злаўчыўшыся, ледзьве не бегала па тых гулкіх, стромых прыступках уверх-уніз. І дабегалася баба: паляцела аднаго разу потырч носам і зламала нагу. І трапіла ў бальніцу. І так нагледзелася там на людскую немач, наслухалася і добрага і благога, што, ачуняўшы, развітаўшыся з мыліцамі, пайшла ў тую ж бальніцу, на той жа паверх, санітаркай. Вася адгаворваў, і Аня яго таксама. Казалі: «Нашто табе, мама, за кімсьці прыбіраць?» А яна заўпарцілася, пайшла. Дзеткі, сказала, не дай бог вам туды трапляць, але калі трапіце, дык хай пры вас старая нянька-санітарка будзе, а не маладое, дурное і сарамлівае, ды яшчэ і гідлівае дзяўчо. Стары чалавек лепш зразумее і боль чалавечы і не будзе гідзіцца таго, чаго, ведае, не трэба гідзіцца...