Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 4

Miкола Гіль

Там, у бальніцы, яе і ахрысцілі цёткай Стэфай. Нехта з хворых адзін раз гэтак сказаў, другі, а пасля і хворыя, і сёстры, каторыя маладзейшыя, і дактары пачалі гэтак зваць — цётка Стэфа ды цётка Стэфа. Яна і прывыкла. І на Стэпачку забывацца пачала. Стэпачка засталася ў Альхоўцы. А там, у Альхоўцы, было ў яе жыцці і харошае, добрае, радаснае, было і гораснае, цяжкае, крыўднае. Але чым больш жыла ў горадзе, чым больш старэла, тым радзей згадвалася апошняе і тым часцей і харашэй поманілася першае. Дзіўна, але нават і з пасляваенных гадоў, вунь якіх цяжкіх і гаратлівых, шмат чаго ўспаміналася добрага, і яна, ужо не цётка Стэфа, а Стэпачка, надта ж хацела туды — хоць на дзянёк, хоць на гадзінку.

Бянтэжыла яе, што дзеці быццам выракліся Альхоўка зрэдку ўспаміналі вёску, дзе панароджваліся і павыроствалі, але ні разу, бадай, не паказвалі жадання з'ездзіць туды ў адведкі. Чаму ж так? Думала і не знаходзіла адказу. І саромелася перад дзецьмі сваёй няўцерпнай прагі пабываць там. Па гэтай прычыне і прыкрывалася малінаю тыя два разочкі, калі ездзіла ў Альхоўку. А гэты, апошні раз не стала прыкрывацца ні малінаю, ні ягадамі-чарніцамі. Ці то па радыё, ці то ад дзяцей, як яны яшчэ хадзілі ў школу і чыталі ўголас свае ўрокі, пачула, быццам звер заўсёды ідзе паміраць на тое месца, дзе нарадзіўся. Калі пачула гэта, не памятае. А от цяпер яно раптам прыйшло на памяць. Прыйшло і асела ў галаве. Калі так робіць звер, Пазбаўлены розуму, дык чалавек — подаўна. Значыць, блізкі і яе час. Гэта яна, смерць, кліча яе ў дарогу, гоніць туды, у разбуранае, але ж роднае некалі гняздо. А чаго, каб хто спытаўся? От трэба, і ўсё. Як на споведзь калісь. Не надта каторая баба і разумела, чаго ідзе, а — ішла. Каб душу супакоіць. Толькі ж — ці супакоіш? Ат, як яно будзе, так і будзе, а з'ездзіць трэба. Век яе такі, што чакаць іншай нагоды ці пары не выпадае. Пакуль трымаюць ногі і свецяць вочы, яна з'ездзіць.

Так і сказала Людачцы. Ужо каторы год найбольшую паразумеласць мае яна з унучкай, з Толікавай меншанькай. Была ў Толі з Ірай і яшчэ адна дачушка, старэйшая, Светачкай звалі. Такая дарэчная дзяўчынка была! Тата з мамай нарадавацца не маглі. І яна, бабка, як прыязджала, таксама налюбавацца і наслухацца не магла. І, дай веры, памерла ў шаснаццаць гадкоў. У восьмым, здаецца, класе пачала жаліцца, што галоўка баліць. Усё баліць і баліць. Як ні лячылі, куды ні вазілі, якіх толькі лекаў Толя ні даставаў — нічога не памагло. Запаленне мозга нейкае, ці што. У дзесяты клас перайшла, а вучыцца ў ім ужо не змагла — той восенню і заснула навекі яе ўнучачка. І Толя хадзіў, як хмара, учарнелы, і яго Іра ледзьве розуму не рашылася — ведама, у шаснаццаць гадоў дзіцятка пахаваць.