Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 16

Miкола Гіль

Пагорак перад Ельнікам, здаецца, і невысокі (раней вышэйшы быў, а як пракладвалі новую дарогу, дык зрэзалі трохі), але яна ўсё роўна задыхалася, пакуль паднялася. Прыпынілася перадыхнуць на хвіліну. І тут не стрывала, азірнулася на Альхоўку. Уся яна адсюль відаць. І не толькі яна. І Селішча за ёй бялее стрэхамі, і Корань на пагорку ў сіняй смузе ўгадваецца, і іншыя вёскі. Шырока адсюль відаць! Альхоўка як бы ў лагчынцы ляжыць, а вакол — пагоркі, то лысыя, то лесам, хмызам парослыя. А яшчэ далей, на самым небакраі, сінеюць зубчастыя грабянцы далёкіх лясоў. Прыгожа — вачэй не адарваць!

Злева, паблізу Альхоўка ці не самы высокі груд — могілкі. Сосны на іх цяпер, пад ранішнім сонцам, цёмныя, амаль чорныя, а паперадзе іх бярозкі бялюткія. Адсюль, з-пад лесу, добра відаць і штыкетнік вакол грудка з пабеленымі слупкамі, і помнікі, агародкі рознакаляровыя на магілках за тым штыкетнікам. Добрае месца ў Альхоўцы выбралі пад могілкі. Яна ўчора і Зосі пра гэта сказала, і пахвалілася ёй, што яна, Стэпачка, даўно наказала сынам: як памрэ, дык каб пахавалі ў Альхоўцы, каб не ўздумалі ў Мінску хаваць. Такой бяды, прыедуць ці не прыедуць дзеці на магілку яе, а ёй усё роўна хочацца спачыць тут, у Альхоўцы, сярод сваіх людзей. Яна Зосі нават і месцейка паказала, дзе б хацела, каб яе пахавалі. Месца гэтае і адсюль, з-пад лесу, відаць. Вунь яно, злева, у зацішным куточку мiж маладым бярэзінкам і штыкетнікам, пад крэпенькім, таксама маладым яшчэ дубком. Там яе магілка будзе заўсёды на сонейку, бо і бярэзнічак не будзе засланяць — ён з паўночнага боку, і дубок, хай хоць і вырасце,— ён у галовах будзе, з захаду. Яна будзе ляжаць там і бачыць во ўсё гэта, усю гэтую красу летнюю, увесь гэты зялёны і сіні ў далечы разлог...

Пасміхнулася сама сабе ціхенька Стэпачка, павярнулася і ўжо зусім з лёгкаю душою пасунулася ў Ельнік, знаёмы некалі да кожнай сцежачкі і раўка, за якім адразу ж дарога з Альхоўкі ўпіралася ў гравійку.

Ехала з Альхоўкі ў прыўзнятым, ледзь не святочным настроі, а дома чамусьці неўпрыкмет развеяўся той настрой, апаў,— і замаркоцілася, зажурылася Стэпачка. Але, але, усё яшчэ Стэпачка, а не цётка Стэфа, хоць і вярнулася ва ўжо звыклы для яе гарадскі побыт. І ўжо во трэці дзень штосьці яна нэндзіцца, усё нечага душа ў яе баліць, як ніколі не балела, здаецца. Учора цалюткі дзень праляжала, як калода гнілая. Дзяцей не турбавала. Ды каб і хацела, дык няма каго турбаваць. Толя ў рэйсе, Іра ў нейкую камандзіроўку паехала, а Людачка... А Людачка — хітрая ліса. Адчула, што з бабуляй яе нешта не тое, і не чапае, не назаляе. Зрэшты, мо Людачцы і не да бабулі — экзамены ж ва ўнучкі. Учора, як і бабуля, цалюткі дзень праляжала з кніжкаю. То на балконе, на раскладанцы, у купальнічку, то, як ужо няма сцерпу на сонцы пячыся, на тахце ў пакоі. І за ўвесь дзень, лічы, да бабулі — ні словам. Ну, а калі так, дык і бабуля да яе — таксама. Значыць, занятая дзеўчынёха, цяпер ёй не да бабуліных споведаў-казак. Затое ў яе, у Стэпачкі, якраз той настрой, што, здавалася б, спавядалася б і спавядалася б, усе б тыя Людаччыны цэўкі нагаварыла.