Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 17

Miкола Гіль

На памяць сваю яна не жаліцца. Не ў дакор цяперашнім маладым, бяспамятным. Толю во ўзяць ці Іру яго. Вечна скардзяцца: ат, галава мая дурная, памяць зусім адсохла, гэта ж забылася, што трэба было... Вечна забываюцца. Калі не адно, дык другое. Яна спачатку дык і не верыла, думала, прыдурваюцца. От проста не зрабіў ці не зрабіла, а пасля, каб апраўдацца, памяць сваю нібы адсохлую клянуць. А пасля пабачыла: праўду кажуць, нейкая дзіравая ў іх памяць. Яна, бывала, пачне што ўспамінаць з таго, што пасля вайны ўжо было, калі і Толя ладнаваты ўжо быў, бачыў тое і чуў не адзін раз,— дык яна расказвае, а ёй здзіўляецца: «Няўжо, мама, і праўда так было?» Яна пачне дакараць: а ці ж ты сам не помніш? Ці ж не ты гэта прыбег надвячоркам, ужо шарэла, я чысціла бульбу ля грубачкі, а ты прыбег у хату і кажаш, што Ляксандра Шавейку бык пакаціў? А ён, блазнота, аднекваецца: «Не, мама, не помню, хоць забі!» Як жа ты не помніш, калі сам мне расказваў? — яна ўжо ці не зазлуе. «А от цяпер не помню,— рагоча Толік,— і здзіўляюся, што ты помніш нават, калі я табе расказваў, што ты тады якраз бульбу чысціла і што шарэла ўжо». А яна з яго, блазноты, падзівіцца: а чаму ж ёй таго і не помніць? Ці ж яна з розуму выйшла? Ці ж ёй памяць адабрала?

Памяць у яе, дзякаваць богу, не адсохла. Памятае і тое, што даўно было і што нядаўна, год назад ці два. Людачка цэўкі свае запісвае, кажа, на памяць, а яна, Стэпачка, і без таго запісу добранька помніць, што кожны раз унучцы апавядала.

Першы раз Людачка папрасіла расказаць, як яна, бабуля, малая была. Раскажы, кажа, бабуля, пра сябе малую, што ты рабіла, з кім гуляла, якія гульні былі тады, што адзявала... Яна адмахвалася: няма чаго апавядаць, дзіцятка, не было тады ні ў што апрануцца, ні ў што гуляць, і гуляць не было калі... А Людачка сваё: «Не, ты, бабуля, расказвай, ты расказвай, а я магнітафон уключу, хай ён круціцца, а ты расказвай, нават у той бок не глядзі, калі баішся...» Яна засмяялася: чаго ж мне яго баяцца, быццам я дурная такая, не ведаю, што такое магнітафон, хай круціцца, калі табе так хочацца, а от што расказаць табе, дык і не ведаю. Аднеквалася, але ж пасля і разгаварылася — цэлы вечар з Людачкай дудукаліся. Яна, Стэпачка, гаварыла, а Людачка, як чаго не разумела, перапытвала і усе на тую сваю цэўку запісвала. Усё чысцютка запісала. Яны пасля слухалі і рагаталі абедзве, і Толік з Іраю слухалі, і таксама рагаталі. Яна ж памятае, слова ў слова памятае ўсё з таго, хоць аповяд яе і бязладны быў. Яна ж увесь час, як кабыла наравістая, з баразны ў баразну пераскоквала. І Людачка сваімі пытаннямі яе ўвесь час збівала з тропу. А ўсё роўна! Каб нават і не запісала Людачка нічога на свой магнітафон, дык яна, Стэпачка, магла б тое паўтарыць слова ў слова, як са скрыначкі...

«Адкуль жа я ведаю, унучачка, як я нарадзілася? Гэтага ніхто з нас не ведае. Мама казала, што радзіла ў полі мяне. Казала: «Лічы, што ў полі, і добра, што тое поле адразу за гумном было, то дапаўзла з бацькавай падмогай рачком у хату...» І я ўжо ў хаце голас падала. Мама казала, ужо сцюдзёна было, перад самымі пакровамі, а пакровы ж — чатырнаццатага кастрычніка па цяперашнім часе. У полі пуста было ўжо, на далейшых шнурах тата ўжо і пераараў бульбу, а гэтыя гоні, за гумном, пакідаў на пазнейшы час, напаследак. От і пайшоў пераворваць. А мама — за ім, бульбу выараную збіраць за плугам. А гнуцца ёй ужо няможна было, мною яна хадзіла апошнія дні. Тата, мама казала, гнаў яе дамоў, а яна горбілася ўсё ўслед за ім і горбілася. Ну, і абсунулася ў баразну, а тата не адразу ўгледзеў, яна без таты на чацвярэньках пагрэблася з загумення да хаты, пасля ўжо тата падбег... Ну, і, кажу ж, у хаце я голас падала, а не ў халоднай баразне...» — «А колькі ты важыла?» — «А бо, унучачка, хто тады важыў каго! Ці ж гэта ў бальніцы? Тата, каня не выпрагшы, збегаў па бабку Маланку, ад нас непадалёчка жыла, яна пупок мне перавязала, у пялёнку ўкруціла, маму да ладу прывяла, а пасля мяне да маміных грудзей прылажыла, ну, я і пачала смактаць... Мама казала: «Малання пастаяла, паглядзела, як я смакчу, і сказала: жыць будзе, дзеўка крэпкая, гадуйцеся на здароўечка, а на хрэсьбіны прыйду, калі нават не паклічаце...» — «І праўду сказала, здаровая ты дзеўка была?» — «А дзякаваць богу, кнігаўка, ніякай трасцай, здаецца, не хварэла. І як малой была, і пасля...» — «А шмат у вас дзяцей было?» — «У мамы з татам? А сямёра, кнігаўка. Я шостай была. Пасля мяне яшчэ брат быў, Кастусь. Гэта жывыя каторыя. А чацвёра памерлі. Тады ж, унучачка, мерлі дзеткі, як мухі тыя, не раўнуючы. Ці ж тых дактароў хто ведаў? Захварэе дзіцятка, дык бабка якая пашэпча, вады дасць, ну, яшчэ, можа, націранне якое зробяць, а ці трэба тое націранне, ці не трэба, хто ж ведае? Паправіцца дзіцятка — то і добра, а не паправіцца, дык — бог даў, бог узяў, пахаваюць — і як не было. Каторае хрышчонае было, дык крыжык паставяць, а як ахрысціць не паспелі, дык і без крыжыка, так пахаваюць, быццам сабачанятка якое, а не дзіцятка... Ага, дык нас сямёра ў мамы з татам было. Паўлюк, брат, самы старэйшы, потым Аксеня, за ёю Іван, за Іванам была Волька, за ёю Пятрусь, пасля я, шостая, і сёмы, казала ўжо, Кастусь. Мама з татам і добра жылі, і блага. Як тата мамінага бога не чапаў, дык — добра, а як толькі зачэпіць, дык гвалт, сварка ў хаце, праклёны розныя. Тата наш ужо і тады ў бога не верыў. Тата вясёлы быў, высокі такі, кучаравы. Я помню яго, як яму ўжо за сорак было, а малады, казалі, ён надта прыгожы быў. Рабіць усё ўмеў. Чысцютка ўсё! А найперш — на гармоніку іграць, нават сам сабе рабіў тыя гармонікі, пчол разводзіў, садоўнік быў, галубоў трымаў. Помню, пад усімі стрэшкамі і застрэшкамі кашы-гнёзды віселі. Як пачнуць, бывала, буркатаць, дык спаць не дадуць. А непісьменны быў. А мама, наадварот, пісаць і чытаць умела. Яе паповы дочкі трохі навучылі — яна ім услугоўвала. І надта ў бога веруючая была. З царквы так бы і не вылазіла. А тата смяяўся і з бога, і з мамінай веры. Мама ж мне, ужо як я падрасла, як жаць разам хадзілі, расказвала, як яны з татам пажаніліся. Поп не любіў тату, яшчэ хлопцам неўзлюбіў, бязбожнікам называў. Дык як прыйшла пара жаніцца яму, поп вянчаць не хацеў. Мама казала, прымусіў тату трыццаць паклонаў у царкве адбіць. Толькі тады павянчаў. Тата згадзіўся, адбіў тыя паклоны, а — не перамяніўся. Я ж колькі разоў на свае вочы бачыла. Ранічкаю мама прахопіцца і хутчэй наўколенцы перад абразамі. Моліцца і жагнаецца, моліцца і жагнаецца, паклоны б'е, аж лобам аб падлогу. А тата сядзіць на ложку, звесіўшы долу босыя ногі, і хвігі абразам паказвае. І нас, малых, падвучваў: мяне, Кастуся. Мама моліцца, а ён возьме Кастуся на калені і падначвае: дай, сынок, таму барадатаму дурню хвічку, дай, не бойся, пад самы нос, пад самую яго глюгу... А мама ўсхопіцца, пачне сварыцца з татам, клясці яго: «Гэта ж у мяне праз цябе шчасця няма, гэта ж ты вінаваты, што ў людцаў ніўка ўрадзіла, а ў цябе, нехрысця, град усё пахрабустаў...» Тата маўчыць, пасміхаецца сам сабе, а то не стрывае, таксама ўзгарыцца і пачне крычаць: «Ну, мне бог не даў, дык чаму ж табе не дае?» А мама — на яго: «Даў бы, каб не ты, ірад...» «А мы, малыя, гледзячы на іх сварку, плачам, румзаем...» — «А што вы елі, бабуля? Яда якая тады была? Як і цяпер?» — «Дзе ты бачыла, кнігаўка! Хацела ты чаго... Капусту квашаную елі. Кожан дзень, лічы. То вараную, з салам, ну, як цяпер кажуць — шчы кіслыя, то сырую капусту з бульбай у мундзірах. Сырую капусту часам, каб смачней было, таксама салам запраўлялі. Калі малако было, як кароўкі не запушчаны, дык малако з бульбай. Вечарам часцей за ўсё — малако з бульбай, ці кіслае, ці салодкае. Альбо — зацірку варылі. Ну, крупнікі яшчэ розныя — з ячнымі крупамі, з грэцкімі. Булён варылі — з гарохам, з бобам, з фасоляй. У нядзельку, калі не пост, мама бліны пякла і мачанку рабіла ці яечню-баўтуху, а на абед — бабку, салам затоўчаную. Гарбузовую кашу варылі. Ну, а як пост, дык бульба і семя тоўчанае — льняное і канаплянае, поліўка з грыбамі. Хлеб толькі да каляд быў, да Новага года па-цяперашняму, добры, без дамешак, і то не кожан год, а як жыта ўродзіць. А так і з мукі непрасеянай, і з бульбай, і з ячнай мукі праснак-скавароднік. Булкі бачылі толькі на вялікадня, адзін раз у год. А так нават калі і гасціна якая ў хаце, дык булкі на стале нямашака, хіба толькі бялейшая аладка ў салодкай смятане ці хрушч-пернік, мёдам памазаны... Вясною шчаўю былі рады, крапіўцы маладзенькай, а першага грыбка прычакацца не маглі. Упрогаладзь жылі, кнігаўка. Не памятаю, ці і наядаліся калі ад пуза...» — «А што ты рабіла, як малой была? Хто з табой гуляў, на прагулкі вадзіў?» — «Мая ж ты кнігаўка, хто гуляў, пытаешся, ды на прагулкі вадзіў... Каму ж было гуляць са мною? Як зусім малая была, дык не помню, хто мяне забаўляў. Мама казала, у поле брала з сабою, на луг... А як на ногі стала, як сябе помню ўжо, дык ці ж да гуляў было? Гэта вы цяпер бегаеце без клопату, пакуль вас і замуж не аддадуць. А я ж, помню, як толькі ўведала, дзе выган, аселіца з рэчкай, дык — дубец у рукі і гусей пачала пасвіць...» — «Гусей? А хіба гусей пасвяць?» — «Цяпер ці пасвяць — не ведаю. А мы пасвілі. Усё лета пасвілі. А дзе ж ім бульбы ці іншай трасцы набярэшся? Выганіш на аселіцу, яны там ходзяць, траўку шчыплюць, у рэчачцы паплаваюць, зноў траўкі пашчыплюць, пад кустамі пасядзяць-паспяць, галовы пад крылцы пахаваўшы,— глядзіш, і жывы на гэтым. А восенню, як бульбіна паявіцца, трошкі падкорміць іх мама, да снегу, каб у пух убраліся, а тады і парэжа іх тата, каторыя старэйшыя, і гусакоў маладых, а рэшта на племя пакінецца. А мы пасля, Волька, Аксеня і я, вечарамі, пры лучыне, пер'е перабіраем, сабе на падушкі пасажныя... А як мне гадкоў дзевяць стукнула, мне ўжо свіней даверылі пасвіць, а гусі да Кастуся перайшлі. Хочацца табе ці не хочацца, а вымушана штодня, з ранку да вечара, свіней пільнаваць, каб з выгану ў чый гарод не ўбіліся. А свінні не такія былі, як цяпер. Тады ж іх не кармілі. Ні мукі яны ўлетку не бачылі, ні мякіны якой, не кажучы пра камбікорм ці хлеб, як цяпер. Худыя былі свінні, дрындалястыя, з вострымі хрыбтамі і доўгай поўсцю на хібах. І лычы такія доўгія, вострыя. Як прыпусцяць у бульбу чыю-небудзь, лычы тыя пазадзіраўшы, дык як коні — не дагнаць! Ну, але гэта яны з зімы такія худыя і спрытныя выходзілі. А папасвіш лета, дык і гладкія робяцца, і ўжо не так гойсаюць, як вясною, ужо і ў гразі, у лужыне якой гадзінамі будуць ляжаць. Дык мы, пастўшкі, з лялькамі пагуляем пры іх, у каменьчыкі, у «глухую цяцеру»...» — «У «глухую цяцеру»? А што гэта за гульня?» — «Не ведаеш? Дык жа, мусіць, і вы ў яе гулялі, малыя, толькі «глухім тэлефонам» завеце...» — «А-а-а... А пасля?» — «Што — пасля? Пасля, падрастаючы, мне ад Петруся кароўкі перайшлі. Ён, як хлопец, пачаў да плуга, да касы прывучвацца, а я, будзь ласка, рабіся каровінай пастушкай. У нас, помню, дзве кароўкі было. Сяды-тады і бычка трымалі праз усё лета, да зімы, але праз зіму — толькі дзвюх каровак. Харошыя такія кароўкі былі, помню, ласкавыя, разумныя. Праўда, і шкадлівыя. Адвярніся толькі на хвілінку — ужо ў шкодзе. Пакуль не пажнуць у полі, не пакосяць у лузе — набегаешся за дзень за імі, ног не чуеш. Прыгоніш увечары дадому, а самой і есці не хочацца — адно каб на сяннік ды пад коўдрачку. А цяпер як падумаю, як успомню, дык і я бедная з імі была, і яны таксама бедныя. Дзве кароўкі былі ў хляве, а масла, смятаны, сыру мы ж амаль не бачылі. Малака яны давалі, як козы. Па тры, чатыры літры, дай веры. А з чаго малако тое магло быць? Ці ж яны калі бурак які бачылі на языку, жменю мукі нюхалі? Сухой саломай душыліся ўсю зіму, сена і таго перападала калі толькі горшага, што конік не з'еў...» — «Сумнa ў полі было, бабуля?» — «Хто ж яго ведае, унучачка. Як калі. Калі дождж халодны, калі хлюпата, калі на траве шэрань марозная, што ногі агнём апякае, дык, ведама, не весела. Скурчышся дзе пад кустом, у зацішку, дзе вецер цябе не так шкуматае і дождж не сячэ, і сядзіш, як птушанё мокрае, акалелае, не могучы вечара прыждацца. Ну, а як дзянёк летні, харошы, як сонейка свеціць і грэе, дык і весела. Птушачкі пяюць, у траве конікі цвіркочуць, на вілачках сваіх граюць, матылькі, пчолкі лятаюць, чмялі калматыя гудуць, цябе палохаюць — дык і не да суму, дык і табе радасна, як матыльку таму, таксама пырхаеш па лузе ці па ўзмежку. А там, глядзіш, ля каменных крушняў, што спрэс цягнуцца па межах, ягадку чырвоную ўгледзіш, а там другую, трэцюю, а то і столькі, што вочы разбягаюцца,— от і сунічак салодзенькіх, духмяных наясіся, і зусім табе добранька стане, так добранька, што і песню запяеш...» — «А якія песні спявалі тады, бабуля? Ну, хоць адну праспявай, га? Ну, можа, помніш, не ўсе забылася, га, бабуля? Праспявай!» — «Людачка, касатка мая, ці цеперся тое было, як ля каровак тых я пела. Хіба ўспомню?» — «А ты ўспомні! Успомні, бабуля!» — «Дык жа яно... Песень такіх, каб адно дзеці пелі, як цяпер, ці і было такіх тады. Пелі, што ад старэйшых чулі, ад дзевак, ад старых жанчын... Я тады шмат песень ведала. І тых, што ў полі, як жалі, бабы спявалі і дзеўкі, і тых, што на вяселлях, па радзінах спявалі, і частушак, прыпевак розных, на вечарынках іх, бывала, уга колькі напяюць, скачучы, і тых песень, што дзеўкі вечарам, сабраўшыся ля каго, пелі... А што табе праспяваць, дык і не ведаю...» — «Любую, бабуля. Якую ўспомніш...» — «Помніць-то я помню, ты не думай, што твая бабуля ўжо зусім старая. І маміну любімую песню помню, і тую, што тата, як чарку браў, пеў... Ну, от слухай. Пра белую бярозку...