Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 14

Miкола Гіль

Пасля гаворкі з бабамі палягчэла ў яе на сэрцы. Лягла спаць на пасланую Зосяй пасцелю з думкаю: от яна і зрабіла тое, што карцела ёй зрабіць,— пабыла ў Альхоўцы, паглядзела трошкі, паслухала жанчын, пахадзіла па даўніх, але незабытых сцежках, так што ранічкаю, па халадку, і на аўтобус пойдзе. Аднак жа, падняўшыся на досвітку, як радоўнікі ў поле займалі, спахапілася: гэта ж яна не пабывала на сваім родным котлішчы, не пабачыла, што там і як. А нішто ж яе ў плечы не гоніць, заедзе, калі захоча, а браць грэх на душу — быць у Альхоўцы і не пастаяць на сваім падворку — не будзе.

Адмовіўшыся ад снядання, як Зося ні ўгаворвала, пайшла Стэпачка ў Гаранскі канец. Ішла спакваля, пазірала то направа, то налева, гаманіла сама з сабою: во, ужо і Давыдавых хата апусцела, не відно, каб хто жыў, хаця Тонька, відаць, улетку прыязджае, бо фіранкі на вокнах вісяць; і ў Банукоў больш на сяло ніхто не збіраецца — няма каму збірацца і няма пры кім збірацца; і з хаты Анюты Гарцавай ці пойдзе зноў калі-небудзь дым з коміна — вунь як забуяла зелле ў надворку; а Толікавай во хаценкі і зусім няма, ці не Зося казала, што Сымонаў хлопец купіў сабе на лазню...

Там, дзе была калісь яе хата, пастаўленая Раманком, таксама свіціўся прагал. З аднаго боку стаяў Васілёў паркан, з другога — Габрусёў шчыльны штыкет, а між імі... А між імі злева, бліжэй да Васілёвага паркана, метраў за пятнаццаць ад вуліцы зелянеў яшчэ невысокі грудок — там стаяла хата, там была печ. Грудок не разорвалі, ён высока парос дзядоўнікам, маркоўнікам, чарнобылем. А далей, за грудком, пачыналіся зялёныя ўжо барозны бульбы. Хто садзіў, яна не ведала, не папыталася ўчора ў баб. Мо хто з бліжэйшых суседзяў, а мо хто і з таго канца, мо наогул хто з прышлых — можа, тая ж новая брыгадзірка, пра якую казалі ўчора бабы, ці трактарыст, што паставіў сабе хату на былым школьным дворышчы. Там сотак няма, от і аддалі яму гэтыя, колішнія яе соткі.

Вішанніку на ўзмежках амаль не засталося — пэўна, павымярзаў, адна ігрушына тырчэла сярод загона бульбы, як і тады, калі яна жыла тут. Пад ёй, гэтай ігрушынай, часта таўкліся Міша, Толік і Косцік...

Ад вуліцы бульба была адгароджана не штыкетнікам, а дзвюма жэрдкамі — яловымі, неакоранымі, прыбітымі да такіх жа тонкіх, таксама яловых і неакораных, як і жэрдкі, слупкоў,— абы карова не ўбілася. Яна, Стэпачка, сагнулася, падлезла пад верхнюю жэрдку, ступіла туды, на свой колішні падворак. Ступіла і спынілася ў нерашучасці. Раптам падумалася: а чаго? Каб яшчэ ўгледзеў той чалавек, што пасадзіў тут бульбу, ды затурбаваўся: чаго трэба кабеціне? Ага, гэта ж яна памкнулася падысці да ігрушыны і назбіраць паданак — Людачцы, на згадку пра бабуліну вёску, але схамянулася: якія ж яшчэ паданкі, час не той, грушкі вунь якія яшчэ драбнюткія, яны і ў канцы лета, памятае, сядзяць на дрэве моцна, кіем не саб'еш! Павярнулася яна, зноў сагнулася, сунула галаву пад жардзіну і вылезла на гэты бок, на вуліцу.