Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 15

Miкола Гіль

Пабачыла, азірнуўшыся, што ў самым канцы вёскі, дзе гадоў пятнаццаць назад, калі яе ўжо не было тут, паставілі сабе хаты тры браты Булыкі — ніводзін не падаўся ў горад,— што там нейкая маладзіца перайшла вуліцу з судамі вады на каромысле, і закарцела ёй схадзіць да Габрусёвага калодзежа, з якога шмат гадоў цягала яна ваду. З вуліцы да яго вяла, як і даўней, тупкая сцежка. Рашуча збочыла Стэпачка на тую сцежку.

Калодзеж яна ледзь пазнала. Замест драўлянага зруба былі бетонныя кругі, і толькі ўнізе, у вадзе, угадваліся пацямнелыя бярвенцы. На выслізганым ланцугу вісела не драўлянае, як калісьці, акаванае вядро, а звычайнае бляшанае. Каб яно лацвей акуналася ў ваду, да яго быў прывешаны пабіты ржою замок ад жалезных конскіх путаў. Яна паклала даланю на калаўрот, спусціла вядро ўніз і пасля выкруціла яго наверх, паставіла паўнюткае на лавачку пры бетонным зрубе, нагнулася і прыпала вуснамі да жалезнага краю-абручыка. Вада была халодная і смачная — такая ж, як і калісь, яна адразу прыгадала гэты смак і здзівілася, што памятае яго, і зноў прыпала да вядра, і піла прагна, доўга, зусім не па-старэчы, а па-маладому, як шмат гадоў назад, калі прыбягала сюды лёгка, спрытна, упараная пасля работы ў полі з сярпом ці на лузе з граблямі. Тады пілося надта ж доўга і смачна...

Ад калодзежа яна не стала зноў падымацца па сцежцы на вуліцу, а пайшла аселіцаю, паўз гароды, і выйшла на дарогу ўжо за сялом. Не азіраючыся, пайшла па дарозе да Ельніка — у Альхоўку парашыла ўжо не вяртацца. Няма ўжо ёй асабліва і заходзіць да каго. Васіль, сусед яе былы, яшчэ цыўкае, бабы казалі, але да Васіля і да яго Агаты яна не пойдзе: благія яны былі суседзі, звяглівыя і сквапныя, свой яблык падымуць і на чужы бок паркана пералезуць і падымуць, абы толькі суседскія, гэта значыць яе, Стэпаччыны, дзеці не з'елі. Не, да Васіля і Агаты яна не пойдзе. А Габруся, другога суседа, няма з той пары, як і яе Раманка,— з вайны. І Волькі Габрусёвай няма, памерла. Гэта яна па звычцы назвала Габрусёвым той шчыльны штыкет. Ставіў яго, ведама, ужо не Габрусь. Ставіў, пэўна, муж Габрусёвай Зіны — яна, малодшая іхняя, засталася на бацькавай сядзібе. Зіна дзеўка добрая, нічога не скажаш, але пра што гаварыць з ёй? Яна ж, здаецца, на год ці на два маладзейшая за яе, Стэпчынага, Косціка,— пра што ж з ёй гаварыць? Не, яна пойдзе ўжо адразу да гравійкі. А на гравійцы нейкая машына трапіцца. Калі не аўтобус, дык папутная якая — ці мала цяпер гойсае тых машын?!