Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 13

Miкола Гіль

А дзе ўзыходзіць і дзе заходзіць сонца ў Альхоўцы — з заплюшчанымі вачамі памятае, паміраць будзе — перад смерцю згадае...

Наплакалася, нагаманілася не то з маткай і бацькам памерлымі, не то сама з сабой Стэпачка, седзячы на ганаровіцкіх могілках. Заседзелася. Сонца на захад павярнулася, трэба падымацца, паабяцала ж Зосі прыйсці начаваць, будзе баба чакаць. А ісці і не хочацца, і сілы няма. Пасля доўгай бязмоўнай гаворкі пра дзяцей і пра сябе нейкае стусташэнне найшло на Стапачку — як усё роўна з яе нутро, вантробы ўсе дасталі, а засталася толькі скарлупіна, косці, абцягнутыя задубелай старою скураю. Быццам сіла пакінула яе. Але ж — трэба грэбціся, жывая яна яшчэ, каб заставацца нанач з нябожчыкамі.

Укленчыла перад грудкамі, што набылі выгляд як на радаўніцу, пакланілася двойчы: даруйце, тата, даруйце, мама,— а потым ужо і на ногі паднялася і, не вагаючыся больш, пасунулася з магільнага хвойніку на ўскраек, да сцежкі, што выведзе яе, памятала, да цагельні, а адтуль ужо яна знойдзе дарогу на Альхоўку, бо зноў церабіцца праз Глінішча і Смалякоў роў не хацелася і напроці начы не выпадала.

Зося чакала яе не адна. У хаце сядзела Манька Купцова і Хрыстына. Абедзве састарэлі. Манька ледзьве два крокі па хаце зрабіла, каб абняцца з ёй, Стэпачкай, Хрыстына трошкі жвавейшая, але таксама — богава нявеста ўжо. Пасядзелі, пагаманілі. Найперш, шануючы яе, госцю, пра Альхоўку апавядалі, пра альхоўцаў, каторыя памерлі ўжо і каторыя маладзейшыя і зусім маладыя, напроці веку, жыць ладзяцца,— ёй цікава было пачуць пра ўсіх. Ну, а пасля пра дзяцей сваіх — кожная, адна перад адной навыперадкі — расказалі. Стэпачка ні пра кога благога слова не сказала — ні пра Соньку, ні пра Мішу, ні пра Косціка нават. Нашто, каб хто спытаў? Мала што Хрыстына, Зося і Манька — сяброўкі, апошнія, можна сказаць, сяброўкі, а толькі навошта ім ведаць, што Косцік яе, скажам, п'е? І ёй гэта не ў радасць, і іх не ўсцешыць. Не, наадварот, Стэпачка таксама пахвалілася, што ўсе яе дзеткі і ўнукі, дзякаваць богу, жывуць добра, заможна, хлопцы ўсе машыны маюць, у Васі і дача ёсць, на што бабы зладжана, ахвотна і радасна паківалі галовамі: вось бачыш, Стэпачка, як усё добра павярнулася! Яны, у сваю чаргу, таксама на сваіх дзяцей не крыўдавалі. Ніхто: ні Хрыстына, ні Манька, ні Зося. Манька пахвалілася, што ў яе меншага таксама машына ёсць і большы, каб хацеў, таксама мог бы даўно купіць. Зося пра зяцёў сваіх добра казала: лепшыя, чымся ў каго родныя сыны. Адно — жаліліся на адзіноту, на самоту сваю. У адзін голас плакаліся Стэпачцы: добрае жыццейка настала, нічога супраць не скажуць, грэх вялікі будзе наракаць на што, адно от — чаму яно, жыццейка тое, старых матак асірочвае, на самыя цяжкія, апошнія іхнія гады і дні пакідае адных. І ў адказ яна, Стэпачка, таксама паразумела ківала галавою, бо і сама, хоць і жыла пры сыне, а ўсё ж адчувала самоту, і каб не Людачка, унучачка, дык льга было б жаліцца амаль гэтак, як і яны, Манька з Зосяй, жаляцца...