Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 12

Miкола Гіль

Не, што ні кажы, а горад — гэта добра. Людзі жывуць вунь як чыста, культурна, не тое што ў сяле, не ў крыўду будзе сказана. І работа ў горадзе лягчэйшая, нават самая цяжкая лягчэйшая, чым у сяле самая лёгкая. А што пасля работы ўжо — дык анічога не трэба рабіць. Гэта ж не работа, што ў магазін схадзіць ды спячы-зварыць нешта на зуб. На такой рабоце ніводная баба не надарвецца і не састарыцца без пары. Яно ж і відаць. Цяцер яна ўжо налаўчылася, адрознівае, што да чаго. А спачатку каторай бабе пяцьдзесят дае, а тая кажа, што ёй ужо ўсе шэсцьдзесят з коптарам. А ў сяле ж спрадвеку наадварот было: бабе сорак, а як паглядзіш — дык і пяцьдзесят не пашкадуеш гаротніцы, бо ўчарнела, змарнела ўся.

Не, горад ёсць горад, нездарма ў яго маладыя ўцякаюць. Каторая пара пасля вайны мінулася, а ўсё з вёскі ў горад і хлопцы, і дзеўкі, і ніяк не спыніцца, не перарвецца гэты людскі струмень. Ну, а што з каторага ці з каторай выходзіць у горадзе, дык жа, пэўна, ад самога чалавека залежыць, а не ад горада. Калі хлопца лёгкасць гарадскога жыцця завабіла, дык хлопец той, лічы, прапаў. Пусты чалавек і быў, а тут, у горадзе, зусім здурнее. Ну, а каторы ці каторая, перабегшы ў горад, не забываецца, што ўсё ў чалавека працай аплочваецца, з такіх і толк. Такіх і горад не сапсуе, як бы ні стараўся.

Яна, Стэпачка, чаго не ведае, таго гаварыць не будзе. А бальніцу сваю яна ведае. Колькі там харошых дактароў і сястрычак рабіла — расказаць не раскажаш. Яна ж як успомніць, дык кожан раз здзіўляецца: якія ўсе разумныя, як умеюць з чалавекам пагаварыць, суцешыць яго, падбадзёрыць, не пасміхнуцца са слабасці, словам не пакрыўдзіць, а хворага вельмі ж лёгка пакрыўдзіць. Яна найбольш бацькам іхнім зайздросціла. Гэта ж даў бог шчасце людцам мець такіх дзетак, як хірург іхні Уладзімір Іванавіч, як загадчыца аддзялення Арына Аляксандраўна, як працэдурная сястрычка Тасечка...

Але ж нездарма пра тое цялятка з лысінкай кажуць людзі. Гэтак, пэўна, і чалавек. Што катораму наканавана ў жыцці. Адзін жыве і не шманае, дзе, з кім, сярод каго. А другі толькі там сябе цяплей адчувае, дзе нарадзіўся, а ў іншым месцы не прывыкае, хоць і гады зжыве. Гэта ж яна во — усё сваю Альхоўку ўспамінае. Ліха з ім, з тым туалетам у хаце, і з ваннай той, добра яно ўсё, добра, ведама, ніхто не кажа нічога, але ж нішто не заменіць ні роднай аселіцы за гумном, ні рачулкі на ёй, сярод лазовых і альховых кустоў, ні Доўгага балота, ні Краснай горкі, ні людзей, з якімі змалада знаўся, ні таго, што і назвы не мае, але што заўсёды з табой, праз усё жыццё. Ці казала яна каму, ці не казала, а от жа не адзін раз лавіла сябе ў горадзе на тым, што, хоць і пражыла ў ім нямала гадоў, так і не навучылася разумець, дзе сонца ўзыходзіць, а дзе заходзіць. Яшчэ ля свайго дома скажа — ведае, у якое акно свеціць сонца даўжэй, а ў якое толькі ўлетку зазірае. А досыць толькі трошачкі адысціся ад дому, дык ужо, калі таго сонца на небе няма, нізавошта не скажа, дзе тут поўдзень, а дзе поўнач.