Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 11

Miкола Гіль

Ведама, не ва ўсім тым, што здарылася з яе дзецьмі, Стэпачка вінаваціць горад. Не, не такая ўжо яна і дурная, каб яго ва ўсім вінаваціць. Не ўсіх жа людцаў псуе ён, горад. Колькі вунь людзей харошых вакол! І ў двары, і ў магазіне, у якім яна ножан дзень бывае, і на рабоце яе колішняй, у бальніцы той. Яна ж толькі пяты год на пенсіі, а то ўсё рабіла і рабіла ў бальніцы той. А рабіла ж таму, што ніхто ніколі яе там не пакрыўдзіў, не абняславіў, не абгаварыў, рабіла, бо добра ёй было там рабіць. Не, горад сам па сабе Стэпачцы нават спадабаўся. Першы год, другі дык, праўда, не па сабе было ёй. Саромелася яна ўсяго і ўсіх. Не адразу і на вуліцу — па-гарадскому ў двор — рашылася выйсці. Думалася ж: а ці патрапіць сказаць там што, а ці не будуць смяяцца і з гаворкі яе, а ці не скажуць пасля, што ў Васі матка — дурная баба? Ёй жа тое найбольш балюча будзе — не за сябе, за Васю. Урэшце ўсё ж рашылася, выйшла, прысела на лаўку да гурту старых і не надта старых кабет і жанок. Моўчкі прысела, нават і паздароўкацца ці паздароўкалася, язык у роце быў дзераўняны. А паслухала бабскую гамонку, дык неўзабаве і сама ўплішчылася ў яе: аказалася, ці не ўсе — такія ж, як і сама яна, Стэпачка, вясковыя бабы, забраныя дзецьмі ў горад. Дык яна і акрыяла пасля таго, і ўжо не бянтэжылася нідзе, не баялася ні папытацца ў каго на вуліцы пра што, ні ў магазіне загаварыць да маладзенькіх і надта ж чысценькіх прадаўшчыц.

А яшчэ ж, каб каму сказаць, няёмка было спачатку ёй і з туалетам гарадскім. Не магла звыкнуцца, што ў хаце ён, туалет гэты самы. Усё лаўчыла, каб зачыніцца там, калі дома нікога няма. Але неўпрыкмет і да таго прывыкла, пачала не зважаць. А ванна ёй з першага ж разу спадабалася. У лазні ў сяле яна не надта дух любіла, рэдка калі і лазіла на палок, хіба пасля ўсіх ужо, як дух спадзе, трошкі пахвошчацца венікам, а так у мыцельніку памыецца — і досыць з яе. Дык жа ў ванне — яшчэ лепш, чым у лазні пры тым тазіку ці балеечцы. Тут жа ўся яна ў цёпленькай вадзічцы ляжыць. Паляжыць, адмокне трошкі, а пасля мачалачкай пройдзецца ўздоўж і ўпоперак, спаласнецца пад дожджыкам — любата адна, як на свет нанава нарадзілася. І не трэба тут, як калісь, шчыльненька захутвацца, каб не застудзіцца, і валасоў ручнічком закручваць таксама не трэба — у хаце таксама цёпленька, нідзе ні скразнячкоў табе, ні чаду-смуроду.