Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 6

Анатоль Крэйдзіч

Пасля некалькіх чарак гарэлкі ніякаватасць прайшла. Марыя паціху знікала, адыходзіла на другі план, а вочы прагна лавілі Валю. Вось яна акуратна прабіла нешырокае кола танцораў, і яе зграбнае цела пачало вырабляць хуткія выкрутасы ў такт музыцы. Яркія кофтачкі, кароценькія спаднічкі, чорныя сетачкі калготаў, джынсы, касцюмы адразу ж расступіліся, прыпынілі рух, залюбаваліся невядомай танцоркай. Валя не ведала стомы. Яе рукі мільгалі то пад самай столлю, то плылі ў бакі, галава плаўна адкідвалася назад, цела выгіналался, нібы спружына. Жэніку захацелася раптам абняць яе, прытуліць да сябе, пацалаваць адкрытыя спакуслівыя плечы, злавіць гарачыя месячыкі вуснаў...

Да Валі пачалі падыходзіць мужчыны. Яна круціла галавою, гарэзліва смяялася, пасля крутнулася некалькі разоў з шырокаю джынсаваю курткаю, пакінула яе, падбегла да Жэніка... І яны сталі героямі вечара. У інстытуце ён навучыўся нядрэнна танцаваць, таму трымаўся з Валяй больш-менш упэўнена. Пасля па яе просьбе заказваў музыку, замяняў на эстрадзе гітарыста і нават не заўважыў, як яны, яшчэ не астылыя ад гарэлкі, музыкі і танцаў, апынуліся на аўтобусным прыпынку, пасля ў інтэрнаце, у яе маленькім утульным пакойчыку.

Ноч ператварылася ў казку. Казкаю былі яе трапяткія рукі, якія аблытвалі цела мяккаю казытлівай павуцінкаю, яе хуткае, гарачае дыханне ў самае вуха; яно пранікала глыбока-глыбока ў сэрца, пераварочвала ўвесь свет, вымушала дзейнічаць... Казкаю быў яе дзівосны шэпт у цішы пакоя. Казкаю была яна, тоненькая, але не худая, налітая маладой свежасцю, загарэлая амаль да чарнаты, быццам адлітая з воску, са светлымі ўзгорачкамі палаючых грэшным, пякельным агнём грудзей, уся такая звабная і жаданая на белым прастакутніку канапы.

* * *

Наступны дзень быў такі ж цёплы, як і папярэднія. І людзі гэтак жа ўпарта і нястомна таўклі на вуліцы снежную кашу. Але ён гэтага не бачыў. Ён спаў спакойным, моцным мужчынскім сном на сваім ложку ў сваім інтэрнаце. На гэты раз яму не прыснілася нічога.

Недзе пасля абеду сон пачаў паступова адыходзіць, і думкі адразу ж перанеслі яго зноў у той утульны маленькі пакойчык з сінімі валошкамі ў нізкай тоўстай вазе на вялізным плакаце-календары. Яго ён заўважыў толькі пад раніцу.

«Зараз яна на працы... да паловы дзевятай, — успомніў, зірнуўшы на гадзіннік. — А так хочацца пабачыцца зноў».

Праз якую хвіліну Жэнік быў ужо ля тэлефона-аўтамата і накручваў прадыктаваныя Валяю лічбы.

— Я слухаю, — пачулася ў трубцы.

— Валя? Добры вечар. Гэта Морыс. Пазнала?

— Ага.

— Я пакінуў у цябе сваю куртку. Сёння зайду забяру.

— Заходзь.

— Ты будзеш мяне чакаць?

— ...

— Ало, Валя. Ты чуеш?

— Чую.

— Дык я зайду.

— Я ж кажу, заходзь.

«Які я наіўны, — думаў ён, кладучы трубку. — І пацягнула ж нешта за язык». «Чакаць будзеш?» — перадражніў сам сябе ледзь не ўголас.

Валянціна сустрэла яго ў сваім пакойчыку стрымана. «А няўжо ж на шыю кінецца. Гэта табе не Марыя, — зноў пакпіў ён сам з сябе.