Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 5

Анатоль Крэйдзіч

— Заві. Але ў мяне няма мустангаў, — кідае ён з кропляй іроніі.

— А мне мустангі і не патрэбны.

— Жалезнага мустанга ў мяне таксама няма.

— Я ж, здаецца, сказала, што мне мустангі не патрэбны.

— Як жа тады мне цябе называць?

— Маё імя Валянціна. Так і называй.

— А маё — Жэнік.

Жытлом Валянціны аказаўся інтэрнат. Высокі, нібы слуп, абкладзены барвовай пліткай, ён узвышаўся над суседнімі будынкамі.

— Ты мне пазвоніш? — запыталася яна каля дзвярэй. І, не чакаючы адказу, прадыктавала нумар свайго рабочага тэлефона. — Гэта бальніца. Я там працую медсястрой, — дадала, амаль прытуліўшыся да вуха. Цмокнула яго ў шчаку і знікла. Быццам і не было. Толькі за дзвярыма гулка зацокалі абцасікі.

«Ну і гісторыя», — крутнуў галавою Жэнік і засмяяўся. Затым ён імчаў на аўтобусе да свайго студэнцкага інтэрната. Ужо змеркалася, і перад вачыма праляталі, быццам вялізныя снежкі, блакітна-белыя плямы ліхтароў. Сёння яны здаваліся асабліва яркімі, нават урачыстымі. Хацелася імчацца ўсю ноч, каб хоць крыху астудзіць узрушаныя, узбунтаваныя пачуцці.

* * *

На наступны дзень яны сядзелі ў маленькім рэстаранчыку за столікам ля самай эстрады. Жэнік упершыню наведаў такую ўстанову і адчуваў сябе не зусім ёмка. Але не толькі гэта было прычынай ніякаватасці. Усяго некалькі гадзін назад ён атрымаў ліст ад сваёй дзяўчыны з вёскі, поўны пяшчоты і нейкай, цяпер ужо, здавалася, наіўнай шчырасці. Хлопец глядзеў на багата сервіраваны стол, на ўсе гэтыя закускі, салаты, крышталёвыя шклянкі, бутэлькі; глядзеў на асляпляльную, свежанькую Валянціну ў белай вязанай сукенцы, якая пакідала адкрытымі прыгожыя крамяныя плечы і частку грудзей. Ён бачыў перад сабою Валянціну, а сам успамінаў спатканні з Марыяй у дамоўленым месцы за ваколіцай. Божа, як адрозніваліся гэтыя сустрэчы — тыя, што былі ў вёсцы, і сённяшняя. Як не падобны адна на адну Марыя і Валя. Прыкладна так, як не могуць быць падобныя саматканая сялянская світка і модная імпартная кофтачка.

З Марыяй ён адчуваў сябе лёгка: мог сказаць што неўпапад — яна даравала, не баяўся быць наіўным, дзяліўся самым патаемным. Ёй таксама было лёгка з ім. Аднойчы яны аж да самага світання прастаялі, захутаныя шчыльным туманам, каля хаты, усё цалаваліся, мілаваліся, не маглі развітацца. А калі з-за сяліб прасачыліся першыя сонечныя промні, адкуль ні вазьміся — Марыіна маці і давай хвастаць дзяўчыну хвартухом па спіне. Здавалася, пасля такой знявагі яны не змогуць больш зірнуць адно аднаму ў вочы, але пры першай жа сустрэчы ён неяк па-простаму, па-сяброўску спытаў: «Што, дасталася ад маці?». «Дасталася, — гэтак жа проста адказала Марыя. — Але нічога, яна добрая. Толькі каля хаты ўсё роўна стаяць больш не будзем. Лепш за ваколіцай». І яны доўга і весела смяяліся, руйнуючы ўсялякую ніякаватасць.

...Тут жа трэба сачыць за кожным словам і рухам. Сабранасці патрабуе сама атмасфера іх яшчэ няпэўных, нявызначаных адносін. Добра, што за два гады вучобы крыху асвойтаўся ў горадзе, іначай даўно ўжо абняславіўся б. Валя — не Марыя. Ледзьве што — засмяе.