Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 4

Анатоль Крэйдзіч

Дзяўчаты смаляць цыгарэты, збіваючы попел у кубачкі з-пад кавы. Стройныя, у кароценькіх светлых куртках і такіх жа кароценькіх спаднічках, быццам выстаўляючы напаказ прыгожыя ногі, адцененыя чорнаю сетачкаю калготаў, праз якія прасочваецца моцны васковы загар, яны вымушаюць спыніць на сабе позірк.

Юнаку такое суседства не падабаецца. Здаецца, глядзяць тут на яго як на выпадковую казяўку — пры ім можна гаварыць усё, што хочаш, не турбуючы сябе выбарам слоў.

— Што ты за чалавек, Пятровіч? Ужо ж стары, а да дзяўчат яшчэ ласы, — звініць нахабным смехам маладзейная, тузаючы субяседніка за крысо паліто.

Той задаволена рагоча:

— З такімі прыгажунямі я адчуваю сябе зусім юным. Вунь як гэты пацан.

— Дзяўчаты зыркаюць на хлопца і душацца ад смеху. Ён чырванее.

Захацелася раптам выскачыць на вуліцу, дыхнуць свежага паветра.

Другі мужчына хваліўся, што ён самы галоўны ў нейкім калгасе, што стварыў там сабе сапраўдны рай і цяпер для яго нічога немагчымага не існуе.

— Так што прыязджайце да мяне ў калгас, — заключае ён. — Не пашкадуеце.

— Што-о-о? У калгас? — зноў заходзяцца ад смеху дзяўчаты. — Да гэтых трактарыстаў мурзатых? Што мы там з імі рабіць будзем? Навучаць верхавой яздзе? Ха-ха-ха...

Хлопец, збіраючыся ісці, яшчэ раз акідвае ненавісным позіркам сваіх суседзяў, з гідлівасцю заўважае, як лапае стары сваімі поўнымі і белымі, нібы вылепленымі з цеста, рукамі тонкі дзявочы стан.

— Гэй, студэнт, — чуе ўжо наўздагон, — адну хвілінку.

Азіраецца. Дзяўчынка спрытна адводзіць ад сябе руку «жаніха», лёгка, нібы матылёк, падлятае да яго. Не паспеўшы апамятацца, хлопец адчувае, як леглі на плячо яе мяккія пальчыкі.

— Мне надакучыў гэты стары, — быццам аднекуль здалёк, з іншага вымярэння, ловіць ён здзеклівы, з адценнем капрызу галасок і зусім блізкі смех. — Хачу быць з табою. Ты запросіш мяне ў рэстаран?

Такога павароту, відаць, не чакаў ніхто. Хлопец разгубіўся і маўчаў. Мужчыны аслупянелі.

— Што ты стаў як пень. Пайшлі адсюль. Я ж сказала, што з імі быць не хачу.

І яны выйшлі.

— І куды ж мы? — спытаў, абы не маўчаць, збянтэжаны юнак.

— Калі хочаш, пайшлі да цябе, — усё гэтак жа весела і бессаромна прапаноўвае спадарожніца.

— Гэта немагчыма.

— Тады пойдзем да мяне. Калі ты джэнтльмен, то не адмовішся правесці дзяўчыну дахаты. — Яна зазірае ў самую глыбіню яго вачэй, смяецца іскрыстым, задзірыстым смехам. — У тваіх вачах адбіваецца неба. Не, не адбіваецца — яны ўвабралі ў сябе цэлае неба. Такія глыбокія, чыстыя і светлыя.

Ён крывіць вусны недаверлівай, іранічнай усмешкай:

— Ты ўсім сваім хахалям так гаворыш? І гэтаму старому тое ж казала?

— Ага, казала, — ужо з нейкім раздражненнем парыруе яна.

Пасля гэтых слоў хлопцу падалося, што дзяўчына зусім не такая, якую строіла з сябе ў кафэ.

— Як ты вызначыла, што я студэнт?

— У цябе ж на ілбе напісана. А ведаеш, на каго ты падобны? — да дзяўчыны зноў вяртаецца весялосць. — На Морыса-мустангёра з фільма «Коннік без галавы». Памятаеш, у яго таксама былі прамыя і доўгія светлыя валасы, ён таксама быў высокі і стройны. Гэта мой любімы кінагерой. Я цябе таксама буду называць Морысам, добра?