Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 8

Анатоль Крэйдзіч

— Хвіліначку, — спыніў яе раптам Жэнік. — Вось вам капейкі. Стаўце чай на стол.

Ён сам выхапіў з пухленькіх дагледжаных рук гарачае пітво, паставіў перад жанчынай.

— Дай Бог табе здароўя, сыночак, — толькі і прагаварыла тая, абдымаючы, быццам нейкую вельмі каштоўную рэч, звычайную шклянку, напоўненую духмяным напіткам.

— Х-хэ, рыцар знайшоўся, — ацаніла яго ўчынак правадніца і знікла за дзвярыма.

Жанчына дрыготкімі рукамі разгарнула паперку, узяла дзве тоненькія белыя цаглінкі... У шклянцы жвавай сінічкай зацінькала бліскучая лыжачка.

У яго маці такія ж патрэсканыя, грубыя, абветраныя рукі. Праўда, грубыя яны толькі з выгляду, а на самой справе вельмі пяшчотныя і мяккія — гэта хлопец добра памятае яшчэ з дзяцінства.

У Валі таксама пяшчотныя рукі. Але іх пяшчота зусім іншая — узбуджае, дурманіць, падбівае да неабдуманых дзеянняў. Рукі ж маці супакойваюць, наганяюць здаровы і моцны сон, лечаць ад усялякіх стрэсаў, душэўнага прыгнечання, перажыванняў.

Дотык Марыіных рук ён чамусьці ўжо не памятае. Ды і вабіла ў ёй Жэніка нешта зусім іншае. А што, ён і сам дакладна не ведаў: ці то ўнутраная нейкая прыгажосць, ці шчырая, з ямачкамі на шчоках, усмешка, ці жывыя і бойкія, з затоенай недзе ў глыбіні дзікаватасцю чорныя выразныя вочы. Хутчэй за ўсё, вабілі ўсе яе вартасці, узятыя разам.

Жэнік раптам акінуў адным усеабдымным успамінам сваё жыццё, пачынаючы аж з таго далёкага часу, які ён толькі мог узнавіць у памяці. І хаця жыццё было пакуль што вельмі і вельмі кароткае — нядаўна размяняў трэці дзесятак, — ён склаў з яго па нейкай сваёй, нікому не вядомай схеме цэлы горад — горад успамінаў. Шчаслівыя выпадкі набывалі ў ім формы раскошных палацаў і шырокіх праспектаў, няшчасныя або нежаданыя з'явы нагадвалі маленькія, увагнаныя па вокны ў зямлю хаткі, якія даўно патрабуюць злому, хвіліны смутку юнак абазначаў вуліцамі без асфальту, на якіх заўсёды вільготна і няўтульна... Вось так і атрымліваўся ў Жэніка цэлы горад, вельмі падобны на сапраўдныя гарады, якія ён паспеў убачыць.

Цяжкія колы цягніка грукаюць манатонна, быццам адбіваюць мелодыю, а хлопец у вагоне, закалыханы ёю, блукае і блукае па няўтульных вуліцах свайго асабістага гарадка, час ад часу зазірае ў маленькія скасабочаныя хаткі: у адной з іх маці плача над памёрлай бабуляй, у другой ляжыць цяжка хворы бацька і просіць пасядзець з ім. «Няўжо ў маім горадзе прыбавіцца яшчэ адна такая чорная хаціна? — думае хлопец. — Нашто яны ў горадзе? Няхай бы ўсё было добра». Раптам брудная вузкая вулачка выводзіць яго на новы светлы праспект, высланы рознакаляровым зіхатлівым брукам, які ўпіраецца ў велічны палац; такой прыгажосці ў сваім горадзе юнак яшчэ не бачыў ніколі. Ахоплены цікаўнасцю, ён адчыняе запаветныя дзверы і... нечакана трапляе ў абдымкі Валянціны. Яе лёгкія, быццам крылы матылька, рукі песцяць ягоныя шыю і твар, дрыготкія вусны слізгаюць полымем па яго вуснах. Залаціста-зялёныя вочы яе на залацістым твары і пад залатою кудзеляю валасоў сабралі ў сабе, здаецца, усе знічкі, якія толькі ёсць на небе. Яны блішчаць і іскрацца. Іскрыцца і ўвесь пакой у палацы. Здаецца, усё тут выраблена з золата.