Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 7

Анатоль Крэйдзіч

— Хачу папіць з табою чаю, — прапанаваў першае, што прыйшло ў галаву. Толькі б затрымацца яшчэ хоць некалькі хвілін. Тыя мяккія, але моцныя павуціны, якімі яна аблытала яго яшчэ ноччу, скавалі не толькі цела, але і гонар, і Жэнік гатовы быў ужо на каленях маліць Валянціну, каб дазволіла застацца тут.

— Зараз падагрэю ваду. Але я піць не буду. Калі хочаш, магу зварыць каву.

— Не, лепей чай.

— Табе трэба не спазніцца на аўтобус. Тут далекавата дабірацца, — напомніла яна.

...Па дарозе дамоў ён думаў пра Валянціну ўжо са злосцю: «Вось я цябе і раскусіў, даражэнькая. Ты кахаеш за пачастунак. Табе нальеш, у рэстаран зводзіш — і каханне забяспечана. Не пачастуеш — бывай здароў. Як жа гэта ўсё прыкра. А яшчэ пытаецца, ці пазваню. Трэба ёй гэты званок...»

Але назаўтра ён пазваніў. І зноў Валянціна прымусіла аслупянець ад здзіўлення.

— Ты не крыўдуеш на мяне? — пыталася яна чароўным шэптам. — Прыходзь сёння. Я буду чакаць.

Пасля гэтых слоў хлопец гатовы быў хоць зараз з усіх ног імчаць да яе ў той маленькі ўтульны пакойчык з сінімі валошкамі на вялізным плакаце-календары.

* * *

Усе мы залежныя ад волі нашага ўладара — усемагутнага Лёсу, добрага і бязлітаснага ў адначассе. У яго свае правілы, свае ўмовы гульні, якімі ён ніколі і ні з кім не дзеліцца. Усё вырашае сам — Бог і д'ябал у адной асобе. Некалькі дзён назад ён захацеў злучыць, звязаць у адзін вузел дзве нітачкі чалавечых жыццяў і зрабіў гэта самым неспадзяваным, нейкім не зусім нават натуральным чынам. Жэнік адчуваў, што калі яму і не выпадзе сустрэцца больш з Валяй, дык вузел гэты ўсё роўна доўга-доўга будзе тлець у яго сэрцы пякучым вугольчыкам. Зараз жа Лёс захацеў, каб тае прагна чаканай сустрэчы не адбылося, і вось ужо юнак імчыць у цягніку дамоў, туды, дзе яго чакаюць бацькі і сціплая вясковая дзяўчына Марыя.

«Дома нешта здарылася, гэта бясспрэчна, — трывожныя думкі заглушалі грукат цяжкіх жалезных колаў цягніка, нацягвалі кожную мышцу яго маладога здаровага цела, вымушалі іх напружана дрыжаць, як пры цяжкай рабоце. — Але што, што магло здарыцца? Чаму такі скупы на словы быў гэты ліст ад Марыі? У ім нічога не растлумачана. Можа... самае горшае? Не. Тэлеграма была б».

На процілеглай лаўцы сядзела немаладая вясковая кабета ў ярка размаляванай хустцы, ела вараныя яйкі і хлеб. Затым бялявая ружовашчокая правадніца прынесла чай, і жанчына пачала сваімі непаслухмянымі, пакрыўленымі і патрэсканымі пальцамі развязваць зашмальцаваную насоўку, у якой ляжалі некалькі пяцірублёвак і адна дзесяцірублёвая паперка. Капеек не было.

Рукою, падобнаю больш на сухую альховую галінку, жанчына працягнула правадніцы грошы. Зрабіла яна гэта да таго няўпэўнена, нават з непрыхаваным страхам, быццам апраўдвалася, што ў яе не знайшлося капеек.

— У мяне няма здачы, — наганяючы на жанчыну яшчэ больш страху, адрэзала правадніца. — Калі размяняеце сваю пяцёрку, тады і прыйдзеце па чай.

І правадніца падхапіла са стала ахутаную парай шклянку ў металічнай падстаўцы.