Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 3

Анатоль Крэйдзіч

— А хто ж пазрэзваў галінкі? — Гісторыя мяне зацікавіла.

— Унук позрэзваў — Колька. Золоты хлопэц.— Дзед Васіль ажывіўся, маршчыны на ягоным твары засвяціліся цёпла i пяшчотна.— Недаўно ночоваў у нас. I якраз у той вэчор под страху прылецеў дзяцел дай давай барабаніць у дылю. Чы то корміўса, чы обвешчаў родзічам, шчо тут ёго ўладзенія, хто ёго ведае. А Колька слухаў-слухаў, дай пытаецца, шчо то грукаецца ў сцену. Кагом, это смэрць угэ пробіваецца церэз сцену до нас. То той хлопэц — ледзь розвіднело — скорэй поставіў до сцены дробіны, узяў бляху, гвоздзі, молотка i забіў тэ место, дзе дзяцел подзёўбаў. Гэтак ратоваў нас од смэрці. О, гэто хлопэц. Выросце — Человеком будзе. А то-о-о...

Дзед махнуў рукою, выпусціў з пальцаў маленькі акурачак.

Мяне ж зацікавіла, ці спраўдзіўся прагноз бабкі Настассі наконт забойцы бусла. I я запытаўся пра гэта ў свайго памяркоўнага субяседніка.

— Можно сказаць, шчо i спраўдзіўся. Почці одразу после того случая покінула ёго жонка, а далей спіўса. Бачыў жэ, які йшоў. Цепэр вон почці кажды дзень такі ходзіць. Быў дурны, а цепэр, як спіўса, i шчэ дурнейшы стаў. Недаром жэ ж кагуць, шчо од п'яного i дурны ўцекае. А жызнь такая штука, шчо як хочэ, так i повэрне. Оно поддайса ёй.

Я падумаў, што дзед Васіль ніколі не паддаваўся. Ен сам варочаў жыццём, як яму трэба было, нікому i нічому пры гэтым не замінаючы. Таму i мае права даваць ацэнку іншым.

Падумалася i такое: якія ж мудрыя, разумныя, чалавечныя нашы старыя.

I раптам быццам найшло прасвятленне: гэта ж такі разумны i мудры мой народ.

Хуліган

У кішэні дабяла пацёртых джынсаў сцішыўся пакамечаны траяк. Ён не шалясціць нават тады, калі хлопец ад няма чаго рабіць бязлітасна скубе яго спрытнымі музычнымі пальцамі, запіхвае на самае дно скуранога капшука для ключоў і іншай патрэбнай і непатрэбнай дробязі. Нядаўна ў кішэні гэтак жа пакутліва бавіла час пяцёрка, але яна перабралася ў партманет невядомага гандляра-бэйбуса ў абмен на загадкавыя рублёвыя газеты, і вось цяпер застаўся знябожаны старэнькі траяк.

Хлопец прыпомніў, як пасля заняткаў сабраўся з сябрукамі павячэраць у студэнцкай сталоўцы, але ў апошні момант перадумаў, пайшоў блукаць па горадзе. Яму заўсёды да нудоты прыкра слухаць, як студэнты таргуюцца, дамаўляюцца між сабою, каб не пераплаціць лішнюю капейку, танней паесці, плануючы выдаткі на месяц уперад.

Ён жа альбо жыў, як кажуць, на шырокую нагу, альбо дыбаў на цыпках, перабіваючыся з вады на хлеб. Іначай не ўмеў.

Заўтра ў інстытуце культуры, дзе ён вучыцца, — выдача стыпендыі, і траяк, які ляжыць у кішэні, просіцца, аж пацее, на волю. А вось, здаецца, якраз тое месца, дзе можна патраціцца. Маленькая экспрэс-кавярня на рагу вялізнага каменнага будынка запрашае элегантнай некрыклівай шыльдаю.

...Праз хвіліну здаровы бармен з халодным абыякавым тварам ужо грэе на гарачым пяску чорны духмяны напітак, падае ці не ўчарашнія, падсохлыя зверху, бутэрброды. Юнак нетаропка пераносіць ежу на паліцу, якая тут замест століка, падсілкоўваецца, аглядаючы адначасова сваіх суседзяў. Іх тут нямнога — дзве дзяўчыны і двое па-вясковаму апранутых мужчын. Большую колькасць наведвальнікаў гэты малюсенькі пакойчык змясціць не мог пры ўсім жаданні яго гаспадара.