Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 66

Адам Глобус

Лепш бы яны курылi, тады б я прапанаваў Кiму Тодаравiчу цыгарэту. Натуральна выглядала б. Толькi i я тады не курыў, я чырванеў ад брыдкасцi гэтых бесперспектыўных заляцанняў аж да Мiнск-Пасажырскага. З вакзала мы пайшлi ў гастраном i набылi дзве пляшкi «Вермуту». Не змог я нiчога зрабiць. Калi такiм вермутам аблiць нагавiцы, дык нiякi ацэтон не возьме. З чаго яго рабiлi? З наф­ты? А чаму не. Штучную чорную iкру рабiлi з нафты. І елi людзi, i я еў... Пластмасай крыху аддае, але, калi пасыпаць буйной соллю, можна i заглынуць, як той вермут. Заплюшчваеш вочы i, не адрываючыся, улiваеш у сябе бутэльку цалкам. Не дай Бог спынiшся, другi раз не зможаш да рота данесцi — фантан пусцiш, выверне. Так i вывернула Кiма Тодаравiча Жэрдку. Ну i бываюць жа прозвiшчы! Жэрдка! Ну, якое ён мае дачыненне да жэрдкi? У iм жа росту ўсяго якiх паўтара метра з хвосцiкам.

Не пайшло! Кiм выцер насоўкай рот i з сумам паглядзеў на цёмную лужыну, якую ўсмоктваў пясок прывакзальнага двара. А ў мяне зайшло. І толькi час ад часу спрабавала выйсцi, пакуль, спатыкаючыся, мы брылi да дома Кiма Тодаравiча.

— Якая ў мяне жонка? Камень, не чалавек. Мы аднойчы кiламетраў трыццаць прайшлi. Яна калi разулася, дык у чаравiках поўна крывi было, i не паскардзiлася нават.

Жонка Кiма Жэрдкi — шэрая сухая жанчына з пляскатым выцвiлым тварыкам адчынiла кватэру.

— Ізноў!

На яе канстатацыю факта я замест прывiтальных сказануў развiтальныя словы.

А вось дамоў я пайсцi не змог. Куды ў такiм выглядзе пойдзеш? Мацi шкада! Месяц дома не быў, а тут з’явiўся i ледзь стаiш. І смурод з рота верне.

— Якi ты зялёны! — у iнтэрнацкiм пакоi мяне сустрэў Паненка.

— Я тут пасплю.

— Спi, вунь ложак Карповiча вольны.

А пасярод ночы я прахапiўся. Са сцяны на мяне сыпалася шкло ад пабiтых шклянак i пляшак. Ігар Дручко гуляў. Ён вучыўся на афармiцельскiм аддзяленнi, iм ужо выставiлi адзнакi за практыку, таму Дручко з чыстым сумленнем мог пусцiцца ў загул. Ён i пусцiўся: набраў пiва, гарэлкi i шампанскага, напаiў Генадзя Чэха, Валодзю Паненку i напiўся сам. Мяне не дабудзiлiся. Як пiць-гуляць, дык не змаглi раскатурхаць, а як бутэлькi аб сцяну лупiць — Адам, уставай. Дручко — барадаты дзяцюк, быў старэйшы за мяне гадоў на дзесяць, i ягоная творчая бiяграфiя складалася не толькi з чаканак i малюнкаў. У школе гэты бык займаўся боксам i нават заняў другое месца ў Гомельскай вобласцi. Колькi ж трэба натаўчы ў чалавечы нос?! А пасля кiнуў бокс, пачаў чаканкi дзяўбцi, паступiў у маскоўскую мастацкую вучэльню, але там чамусьцi ўспомнiў папярэдняе захапленне i раскрышыў выкладчыцкую пашчэнку. Пасля турмы Дручко не змог аднавiцца ў Маскве, а ў Мiнску яго пашкадавалi. Калi папраўдзе, чалавек ён добры, але як залье за каўнер — магiла, чорныя вочы. Дручко станавiўся на галаву, каб злосцi набрацца, а потым крышыў усё, да чаго дацягвалiся яго кулакi.

З засыпанага шклом ложка я ўскочыў, але сварыцца не стаў. Хай лепш бутэлькi разбiваюцца аб сцены, чым аб маю хворую галаву. Паненка неяк угаварыў Дручко легчы спаць, у яго быў талент угаворваць, асаблiва дзяўчат. А мне з Чэхам давялося прыбiраць пакой. Чэх не захацеў класцiся, i мы па пустым праспекце пашыбавалi ў мастацкую вучэльню.