Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 68

Адам Глобус

— Любка, а цi праўда, што мастакi ўчора каля рэчкi тваю голую дупу малявалi?

— Ты ў мяне пiва папросiш. Сцыкунамi сваiмi апахмелiшся заўтра...

Каля рэчкi мы малявалi, але зусiм не аголеную афiцыянтку Любу, мы пiсалi партрэт асветленага сонцам бадзягi па мянушцы Кiлiм. Ён прыбiўся да нашай групы ў Мiнску. Жыў Кiлiм без пашпарта. На якiя грошы? Нiхто не ведаў. Пасялiўся ў iнтэрнаце. Дзяўчаты яго шкадавалi, а ён iх бiў. Свеце Цыпко, якая папрасiла яго на вулiцы, каля дваццатага гастранома, вярнуць пазыку, Кiлiм надзеў на галаву сметнiцу, поўную недакуркаў i пляўкоў. Такi быў Кiлiм. А з хлопцамi ён не канфлiктаваў з-за слабага здароўя. Кiлiмава мацi пiсала з Берасця ў мiнскiя вайсковыя камiсарыяты, каб сына забралi ў салдаты, а камiсары не маглi знайсцi Кiлiма. Хто ж здагадаецца, што прызыўнiк працуе натуршчыкам у Раўбiчах i сумленна па тры гадзiны ў дзень сядзiць каля рэчкi? Увесь астатнi час Кiлiм лавiў рыбу i прыставаў да нашых дзяўчат.

Яму адмовiлi ўсе, акрамя Марыны Шурман. Пра iх палавы кантакт нiхто б i не ведаў, каб не пiльнасць Агафончыка, якi, выйшаўшы на вечаровую прабежку, вымушаны быў спынiцца на мосце праз чыстую, нават ракi вялiся, рачулку без назову. Марына Шурман упiралася рукамi ў парэнчы i вохала, яе аголеныя ногi былi шырока разведзеныя, а на белых клубах цямнелi загарэлыя лапы Кiлiма. Агафончык схапiў каханка за кашулю на спiне i адарваў яго ад Марыны. Тая апусцiлася на каленi i заплакала.

— Мы... Яна сама ўгаварыла... Я з гэтай малпай не хацеў!

Кiлiм пераступаў нагамi ў спушчаных нагавi­цах. Змагар за сацыяльную чысцiню палавых зносiн пабiў Кiлiма. Страцiлi ўсе. Група згубiла натуршчыка. Жахлiва непрывабная Марына Шурман — пацучыныя зубкi, тонкiя ножкi i шырачэзны пляскаты азадак, чырвоныя i падслепаватыя вочы — страцiла каханка. Мусiць, таму па вяртаннi ў Мiнск яна завяла кабеля-баксёра i наталяла страсцi садомiяй. А сам Агафончык, сапсаваўшы трэнiроўку, цэлую ноч не мог заснуць, садзiўся на ложку i гаварыў на ўвесь пакой.