Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 65

Адам Глобус

— Выходзьце!

У думках я яшчэ згадваў бiтву пад Сан-Рамана. Конi. Вершнiкi. Дзiды. Сцягi. Мячы. Сякеры. Іржанне. Ляскат. Труп у ракурсе...

На ганку мяне чакалi. Матацыклы. Ланцугi. Боты. Дзецюкi. Нахабства. Лаянка. Здзiўленне. Запытальныя позiркi. Загад.

— Клiч астатнiх!

— А я адзiн.

— Як адзiн?

У школьныя дзверы ўскочыў дробненькi падшыванец з пысаю ўслужлiвага пацука.

— Нiкога!

— А дзе ўсе?

— У Мiнску.

Бойкi не адбылося, бiць аднаго вясковыя бэйбусы не захацелi. Яны запрасiлi мяне выпiць. І я ўлiў, увагнаў у сябе тры стограмовiкi сiвой самагонкi. Закусвалi салам, шырокiм, на чатыры пальцы, i цыбуляю, якую тыцкалi ў насыпаную на газецiне соль.

Як мне ранiцай было кепска! Жах! I яшчэ сонца. Бязлiтасная гарачыня. І конь, якi не iшоў, а валокся. Мёртвы ад п’янства Кiм Тодаравiч ляжаў у саломе на возе. А мы з фурманом iшлi побач. Я малiў Бога, каб фурман перастаў гаварыць, i без ягонай балбатнi галава пухла. На станцыi я збегаў па квiткi, i мы разам з фурманом завалаклi раскiслае цела выкладчыка ў вагон.

— Да Маладзечна працверазее! — абнадзеiў мяне фурман на развiтанне, i дарма.

Не ачомаўся камунiстычны iнтэрнацыянал мо­ла­дзi да Маладзечна, дзе давялося ляснуць яго па шчацэ, каб хоць з вагона выпаўз. Дзе там! Выва­лак я яго на перон i паставiў каля плота. А сам па­бег па квiткi. Прыбягаю назад, а ён ляжыць на зя­млi, скруцiўся, як кот, у клубок, спiць, а над iм два мiлiцыянты спрачаюцца, каму з iх весцi п’янага ў вы­цвярэзнiк. Яны, мусiць, крышачку ўзра­дава­лiся, калi я падышоў i пачаў прасiць не ча­паць майго выкладчыка. Каму ахвота з п’яным валэндацца.

— Каб праз хвiлiну вас тут не было!

Мiлiцыянты сышлi, а я пад пiльнымi позiрка­мi пасажыраў павалок утрупянелага настаўнiка ў элек­трычку. На дашчанай лаўцы я ўздыхнуў з палёгкаю. Людзей было мала, i Кiм Тодаравiч мог цiхамiрна храпцi, адзiн на цэлыя тры месцы. Толькi чым блiжэй да Мiнска, тым пасажыраў больш, ты ж ведаеш. І вось у Заслаўi Кiм Жэрдка ўжо спаў се­дзячы, прыцiснуты маiм плечуком да сцяны, каб не павалiўся на кабет, што злосна касавурылiся на нас. А ў Зялёным адбылося «ўваскрашэнне з мёртвых». Імгненнае цудадзейства. Кiм лыпнуў вачыма, здрыгануўся i ажыў. Лепш бы ён спаў, лепш бы ён нарабiў сабе ў порткi, чым пачаў заляцацца да румяных таўстух, што кпiлi з яго i мяне.

— А праўда, вы мастак? Гы-гы!

Жывёлiны. Раскормленыя, непадмытыя скацi­ны. Я не буду казаць, чым патыхала ад Кiма Тода­равiча, але ад iстотаў у спаднiцах цягнула ржавым селядцом. Калi б Кiм Жэрдка курыў, я б выйшаў з iм у тамбур. Але ён не курыў. «Лепш выпiць сто грамаў, чым каўтаць дым». Сентэнцыя, пастулат, якога, дарэчы, прытрымлiваўся яшчэ адзiн выкладчык з нашай мастацкай вучэльнi, Уладзiмiр Бароўка.

І што? Згарэў! Самым натуральным чынам згарэў у майстэрнi. Адчышчаў ацэтонам уфэнданую ў алейную фарбу калашыну. А быў ужо вечар, i прапала электрычнасць, i Бароўка пасвяцiў сабе запалкаю. Цi адчысцiлася калашына? Паходня! Крык! Не паспелi ўратаваць. Судмедэкспертыза пацвердзiла развагi плеткароў. Бароўка быў нецвярозы. Вось табе i лепей сто грамаў.