Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 64

Адам Глобус

У нечым дзядзька Юзiк меў рацыю. Бо дырэктар школы ў Латыголi за тое, што мы месяц у яго жылi, запатрабаваў зрабiць пано. З нейкага часопiса, накшталт «Палiтiнфарматар i агiтатар», ён выскуб малюнак: тры постацi, два мужчыны i адна жанчына, якая аддалена нагадвала мiкеланджэлаўскую Сiбiлу. Камунiстычная тройца трымала ў руках сiмвалы прагрэсу. Сiбiла ўздымала макет спадарожнiка, на якiм сабакi лёталi ў космас. Адзiн мужчына трымаў цыркуль, чамусьцi вялiкi, нiбыта збiраўся крэслiць крэйдавыя кругi на школьнай дошцы, а другi трымаў транспарцiр, таксама вялiкi, школьны. Лепшай рэчы не прыдумаеш. І градусы ёсць. Шкада, што не тыя, якiя так любiлi дырэктар з Кiмам Тодаравiчам. Праз гэтае кандовае пано я ледзь не атрымаў па мардасах.

Ёсць дурная завядзёнка ў беларускай вясковай моладзi — бiць-таўчы нетутэйшых. І робяць вяскоўцы сваю непрыгожую справу ў апошнi вечар перад ад’ездам чужынцаў. Хлопцы нашыя былi вучаныя, таму i падманулi вясковых даўбакоў. Сказалi, што з’едуць першага, а аўтобус прыйшоў на тры днi раней. Усе пагрузiлiся, i бывай, гасцiнная вёска Латыголь. А я з Кiмам Жэрдкам застаўся, каб скончыць агiтацыйнае пано. Скончылi i пакостам пакрылi, каб блiшчэла, як начальства любiць. Прымацавалi да сцяны. Бляск, здалёк вiдаць! У дырэктара ўзняўся настрой, i ён павёў Жэрдку ў апартаменты, а мне сказаў, што я павiнен быць цвярозы, каб затарабанiць свайго выкладчыка ў Мiнск.

— Мяне б не давёз. Ува мне шэсць пудоў жывой вагi! А ваш Кiм, камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi, драбната, кiлаграмаў пяцьдзесят. Ты яго да самай сталiцы данесцi зможаш. Але не сумуй. Дам я вам каня, каб ранiцай да чыгункi падкiнуў.

Каня ён даў, не падмануў.

Але да ранiцы трэба было ноч перажыць. Мае рэчы паехалi ў Мiнск, i мне зусiм не было чаго рабiць, я бадзяўся па апусцелай i гулкай, як бочка, школе. У незачыненым пiянерскiм пакоi знайшлася цэлая падшыўка часопiса «Беларусь». На адной з каляровых крэйдаваных уставак я ўбачыў рэпрадукцыю Кiма Тодаравiча. «За родную зямлю» — так узнёсла называўся жывапiсны твор. І мне зрабiлася ясна, чаму так любiў паўтараць Кiм Жэрдка: вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Конь белы, здаровы, асветлены вечаровым, а можа i ранiшнiм, карацей, нiзкiм сонцам. Скакун быў яўна ў сваяцкiх адносiнах з канём 1456 года нараджэння. Праўда, замест Нiколы да Таленцiна на iм сядзеў будзёнавец у вастра­дзюбай шапцы, азоранай пяцiканцовым чырвоным знакам. А-а. Вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Мелася на ўвазе — перамалёўвайце з твораў Паола Учэла. Ясна. Выдатна. Недарма прагартаў стос часопiсаў. Я мог бы, пад настрой, зрабiць яшчэ некалькi адкрыццяў, каб не грукат у шыбу.