Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 67

Адам Глобус

Вахцёрка ўставiла пратэз верхнiх зубоў i, не адчыняючы дзвярэй, прашамкала нам нецэнзурнасцi ў зашклёныя твары. На праспекце запрашальна разявiлiся дзверы цырульнi. Чэх прапанаваў, а я хiтнуў нячэсанай тры днi галавою.

— Маладыя людзi, i цi можна так не глядзець на сваю галаву.

Чэх не расчэсваў i не мыў доўгiя, у сасулькi, валасы, мусiць, месяц. З iм такое здаралася. Бзiк? А можа, сiлу волi i моц духу выпрабоўваў? Ён быў чалавек замкнёны ў сабе. Яго справа. А вось гiп­савая пасмяротная маска Пушкiна i гiпсавая прыжыццёвая маска Генадзя Чэха, што вiселi каля ягонага ложка, мяне раздражнялi, бо на абодвух тварах чырвонай фарбаю былi намаляваныя прышчы. Брыдота несусветная, асаблiва гiдка было гля­дзець на прышчаватага Пушкiна.

Псаваць гiпсы ў мастацкай вучэльнi было справай гонару. Колькi iх, мёртвых галоў, стаяла на палiцах у кладоўцы, якую ахоўваў адстаўны вайсковец у мышыным халаце — Тырдан. Прозвiшча такое. Ён выдаваў iх пад роспiс старасты групы. І бедныя старасты расплачвалiся з Тырданам за адбiтыя насы i вушы, за размаляваныя вочы i вусны. Венеры, Сакраты, Давiды, Вальтэры, Гатамелаты, гудонаўскiя торсы без скуры, галовы лупавокiх коней... Гiпс — сiмвал мастацкай вучэльнi. Мёртвы акадэмiчны матэрыял! Ад яго зыходзiць эфiрны халадок смерцi. Што можа быць больш антыэстэтычнае за гiпсавую галоўку Неферцiцi? Хiба што толькi маска Апалона.

А былi ж, былi аматары маляваць гiпс. Не, не шары i пiрамiды з торамi, а менавiта галовы i торсы. Іх натхняў мастак-спартсмен Луцэўскi, загарэлы, караткастрыжаны, жорсткi. Ён патрабаваў на праглядзе ставiць двойкi ўсiм, хто не любiў маляваць гiпсы, а потым ехаў на ровары займацца каратэ, прынцыповы чалавек. Толькi ў нашай групе ён не выкладаў, i мы не любiлi гiпсавага раба Мiкеланджэла. У знак пратэсту я чырвонай фарбаю пакрыў рабскi чэлес i машонку. Луцэўскi вiшчаў.

— Знайсцi i выгнаць, выключыць без права аднаўлення!

Як жа, знойдзеш... А каб хацелi, маглi б i знайсцi. Малюю блакiтныя вочы гiпсавым галовам, i гiпс — жывы. Быў жа такi вершык, змешчаны на старонках «Маладосцi» пад маiм набычаным фотаздымкам. У маладосцi я чамусьцi, калi хацеў зрабiць сур’ёзны выгляд, набычваўся, як набычваўся i ў цырульнях.

З-пад iлба я глядзеў, як абстрыглi маю i Чэха­ву галовы «пад нуль». Пагладжваючы i пачэсва­ючы ня­звыкла круглыя галовы, мы вярнулiся ў вучэльню.

За практыку i я, i Генадзь атрымалi пяцёркi. Хоць пра эцюды лепш не згадваць, звычайная брудна-зялёная алейная фуза на маленькiх кардонках i палотнах. Кусты, дрэвы, хаты, царква, каза, конь... Не пiшыце светлыя нябёсы. Гляньце, каза ўсё ж святлейшая за аблокi. П’яненькi Кiм Тодаравiч тыцкаў канцом алоўка ў бок недаравальна белага казляняцi, таму на большасцi эцюдаў неба атрымалася свiнцовае, а дробная i буйная рагатая жывёла — гiпсавая.

Іншыя эцюды мы прывезлi з Раўбiчаў пасля трэцяга курса. Замест Кiма Жэрдкi нам прызначылi ў выкладчыкi Галiну Гласаву — мастачку-маржа. Ранiцамi, да заняткаў, Гласава ў любое надвор’е бегла на рэчку i апускала сваё неабдымнае цела ў хвалi Свiслачы. Яе сувязi ў спартыўным свеце i дазволiлi нашай групе пасялiцца ў Раўбiчах, у двухпавярховым акуратным гатэлi, вокны якога пазiралi на высозныя лыжныя трамплiны i на шыкоўны, пад чырвонай дахавiцаю, другi гатэль — для абраных. Гласава, вядома, — абраная, жыла пад яркай дахавiцаю, а мы, неабраныя, пад руберойдным пляскатым дахам. Праўда, абедалi мы разам у рэстаране, ва ўтульнай зале з камiнам i дубовымi сталамi. Мурзатыя афiцыянткi нас не любiлi, але трывалi, як не самае вялiкае зло на свеце. Мастакi — не трактарысты, якiя часам завiтвалi пасмактаць пiва ў рэстаране для абраных. За сталы трактарыстаў не садзiлi, яны, стоячы ў фае, смакталi сваё пiва з рыльца i незадаволена паглядалi на нас. А мне было з найвышэйшай трамплiнавай прыступкi напляваць на хабёльскую незадаволенасць раўбiцкiх пралетарыяў. Я iх не хацеў бачыць i рабiў выгляд, што не бачу i не чую народных жартаў.