Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 63

Адам Глобус

— Нехта крычыць?! Пайшлi паглядзiм!

— Ай, пэўна ж, дзеўка з хлопцам забаўляюцца...

Увушшу яшчэ стаяў крык, i праз яго выплылi галасы вясковых жанчын. Мы апранулiся, стоячы на каленях, саромеючыся ўстаць i сустрэць позiркi чужых, варожых нам людзей.

Жанна не кахала мяне, яна кахала Алеся Ласе­вiча. З iм яна гуляла па вёсцы Латыголь доўгiмi цёплымi вечарамi. Яны трымалi адно аднаго за руку, гэтак, як некалi i я трымаў за руку Вольгу Пакроўскую. Жанна, як i Вольга мне, расказала Алесю пра ўсё, што здарылася на жытнёвым полi. Алесь прыйшоў у школу, я чытаў, лежачы на ложку, i ён папрасiў пайсцi на вулiцу i пагаварыць... Мы стаялi каля прыбiральнi.

— Я кахаю яе, i яна мяне кахае. Нашто ты нам перашкаджаеш? Паабяцай, што гэтага болей не будзе! Тады я першы раз у жыццi паабяцаў, што гэтага больш не будзе, i зразумеў, як лёгка паабяцаць, i ўсе застаюцца задаволеныя. Мне даводзiлася шмат разоў абяцаць, што гэтага цi таго больш не паўторыцца. А яно паўтаралася, множылася, i я перастаў сур’ёзна ставiцца да сваiх i чужых абяцанняў. Ну, чаму я павiнен адмаўляць сабе i Жанне ў зямной любовi? Чаму дваiм трэба слухаць аднаго? I мы не слухалi. І я не папракаў Жанну за тое, што яна ўсё расказала Алесю. І ўпэўнены, што яна не папракне мяне за тое, што я ўсё расказваю табе. І не трэба казаць пра мараль. Варта гаварыць пра пачуццi, пра гiдкасць, якая ў васемнаццаць гадоў так востра адчуваецца.

Мне было агiдна стаяць у перадпакоi мiнскай кватэры Кiма Тодаравiча Жэрдкi. Ягоны доўга­тэрмiновы запой пачаўся яшчэ ў Латыголi. Кiм Тодаравiч пiў з дырэктарам школы, дзе мы жылi. Пiлi яны чарнiла, таннае пойла. Язык не паварочваецца сказаць — вiно! Набiралi ў крамцы па дзесяць — дванаццаць пляшак, зачынялiся ў ды­рэктарскiх апартаментах i жлукцiлi бурачковую бурду да пасiнення твараў. Дырэктар — лысы бiцюг з вялiзным, што звiсаў праз пас, жыватом i азызлым, колеру свежага мяса тварам, увечары заходзiў да нас i казаў толькi адно слова. Забярыце! Я не хадзiў забiраць Кiма Тодаравiча. Яго валаклi па школьных калiдорах Генадзь Чэх i Валодзя Паненка, бо iх часам запрашалi на папойкi, а астатнiм не прапаноўвалi. Вось хлопцы i адпрацоўвалi. Дырэктар тым часам iшоў дамоў. Унурыўшы галаву, з якой звiсалi доўгiя белыя пасмы, якiмi, калi быў цвярозы, ён спрабаваў прыхаваць лысiну. Дырэктар цяжкiм крокам сунуўся па вулiцы i ў гэты момант рабiўся надзiва падобны да майго роднага дзядзькi, бацькавага брата Юзiка, якi таксама быў дырэктарам вясковай школы i выкладаў фiзiку.

На пахаваннi сваёй мацi, маёй бабы Бронi, дзя­дзька Юзiк, расчырванелы i размяклы ад гарэлкi, курыў каля незачыненай хаты.

— А мне што? Маё жыццё яснае. Грыбы, ягады, рэчка. Набяром харчоў паболей i на рэчку. Паляжу на сонцы, апаласнуся, паем смачна. Што мне трэба! А нiчога не трэба! А бацька ваш усё нечага дамагаецца, некуды лезе, нешта ўсё давесцi хоча... Каму? Вось ты мастак, правiльна, i думаеш, што будзеш маляваць што захочаш. Хвiгу! Вось глядзi. Цукерка. А на абгортцы напiсана «50 год БССР». Што партыя скажа, тое i будзеш маляваць. Яны там пасядзяць у кабiнетах, прыдумаюць, i табе толькi застанецца заданне выконваць. А не захочаш, нагою пад сраку. Галодных мастакоў хапае.