Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 62

Адам Глобус

— Што за я? Хто там?

Вялiкiя вочы Алеся Ласевiча выказвалi непаразуменне.

— Я — Ларыса Данiлькевiч! А ты, Лось, калi прыйшоў у прыбiральню, дык рабi сваю справу цiха i не перашкаджай iншым. — Тыраду суправаджаў шорах апранахаў. — Дурань!

Агафончык, Ласевiч i я выскачылi на двор. З жаночага аддзялення выплыла чырвоная Ларыса, дзябёлая дзявуля.

— Вар’яты. Я ўсё раскажу Кiму Тодаравiчу!

— Там сабака захлынаецца, — Агафончык на­ставiў на Ларысу лiнзы акуляраў.

— Ну i хай сабе захлынаецца. — Ларысiны пальцы з абгрызенымi пазногцямi аправiлi клятчастую спаднiцу.

— Пайшлi выцягнем! — я накiраваўся да жаночага аддзялення. І чаму ў жаночых прыбiраль­нях заўсёды чысцей? Мусiць, з-за таго, што сла­бейшая палова чалавецтва ўсе патрэбы робiць се­дзячы.

Сабачая галава з прыцiснутымi да шыi вушамi цяпер пагойдвалася пад мужчынскай паловаю, але доўгая рука Ласевiча ўсе ж схапiла сабаку за поўсць. Сабака нават не завiшчаў. На двары ён стаяў у траве i калацiўся. Ягоны некалi закручаны хвост звiсаў з худога азадка роўненькiм прутком. Агафончык прынёс вядро вады i вывернуў на перапалоханага сабаку. Сабака страпянуўся, прысеў на ўсе чатыры лапы, падскочыў i кiнуўся ўцякаць. Ён больш не прыходзiў на ганак i не выпрошваў хлеба.

А праз тыдзень, зусiм выпадкова, я даведаўся, што кiнуў сабаку ў прыбiральню вясковы вар’ят Юрачка, клышаногi пераростак, з якiм нават малыя дзецi не хацелi гуляць. Юрачка хадзiў па Латыголi ў вялiкай картовай кепцы i ўсмiхаўся ўсiм сустрэчным, агаляючы ружовыя, нiбыта пластмасавыя дзясны. Крыўдаваць на такога грэх. Хоць я, вядома, азлiўся.

Васемнаццаць гадоў — такi ўзрост, калi ледзь не ўсе праявы жыцця выклiкаюць у душы гiдкасць. Юнацтва скончылася, цынiзм i максiмалiзм ады­ш­лi ў мiнулае, а iм на змену прыйшло непрыманне iснага, i ўсё навокал зрабiлася агiдным. Нават каханне стала iншым, бiялагiчным. З пла­та­нiчных, мройных, летуценных адносiн яно трансфармавалася ў матэрыялiстычнае вывучэнне i да­сле­даванне аб’екта. Такiм аб’ектам стала для мяне Жанна Шук — высокая, паўнацелая, белая дзяў­чына. Яна была белая ўся i паўсюль, нават смоч­кi на поўных грудзях былi ружовыя, светлыя, амаль белыя. Мы бралi эцюднiкi, кардонкi ды iшлi нiбыта пiсаць краявiды. Мы нават разыходзiлiся ад школьнага цэментавага ганка ў розныя бакi, а потым сустракалiся дзе-небудзь на ўзлеску цi каля рэчкi. Мы шукалi зацiшнае месца, кiдалi ў траву мастакоўскi рыштунак i, цалуючыся, распраналi адно аднаго. Мы не ведалi нават самых простых рэчаў. Кожнае наблiжэнне, дотык, ласка знiтоў-валiся з пераадольваннямi сораму, скутасцi, уяў-ных маральных нормаў. Пацалункi... Бясконцыя, ненатольныя, балючыя... Яна ўкусiла мяне за ключыцу. Тыдзень я саромеўся распрануцца перад хлопцамi.

Гадзiнамi мы ляжалi распранутыя побач... Пакуль не пачынаўся дождж цi не цямнела, цi не надыходзiў час палуднаваць... Мы разглядалi адно аднаго так, нiбыта адкрывалi таямнiцу сусвету. І ў той дзень мы распранулiся i ляжалi ў жыце, i я выпадкова патрапiў у яе. Яна раскiнула рукi, выгнулася ўсiм сваiм доўгiм целам насустрач майму целу i закрычала. Крык разляцеўся на ўсё поле i пад самае белае неба. А я спалохаўся i здзiвiўся, убачыўшы, якое ў яе ружовае паднябенне. Такое ж ружовае, як дзясны вар’ята Юрачкi, што хацеў утапiць у прыбiральнi сабаку.