Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 61

Адам Глобус

Але што я ўсё пра сабачае, калi паабяцаў пра млосцi...

Сабака колеру вiльготнага пяску пачаў штовечар прыходзiць пад школьны ганак i выпрош­ваць чаго паесцi. Дзяўчаты кiдалi яму скарынкi. Ён чвякаў, ускiдваў галаву, каўтаў хлеб, а потым пачынаў зноў вiляць закручаным у абаранак хвас­том. Вострая лiсiная пыска зiркала чорна-фiялетавымi вочкамi лiслiва i хiтра. Сабачка меў i сапраўды нейкую кемлiвасць, бо праз колькi дзён ён ужо сам ведаў расклад нашага практыканцкага жыцця i як з-пад зямлi вырастаў перад намi, калi мы выходзiлi са сталоўкi. Хутка прайшла першая радасць, як i цiкаўнасць да закiдання ў ружовую iкластую пашчу кавалкаў хлеба. Кармiць сабаку зрабiлася абавязкам. Кiнулi каля ганка што-небудзь i пайшлi. Спраў хапала. Усiм трэба было тэрмiнова скончыць партрэт цёмнай, як зямля, бабулi. Партрэты малявалiся ў старой на пана­дворку, метраў трыста ад школы. Мы цiхамiрна пэцкалi палотны, калi пачулi голас Алеся Агафончыка. Ён бег ад школы i нешта крычаў, слоў не разабраць, але па ўзмахах рук мы зразумелi, што трэба дапамагаць. Хто кiнуў пэндзаль на палiтру, а хто i з пэндзлем у руцэ, пабеглi насустрач. Задыханы Алесь пачаў, збiваючыся, тлумачыць: нейкi гад укiнуў сабачку ў прыбiральню, сабака яшчэ плавае, але вось-вось захлынецца i загiне. Дзяўчаты адмовiлiся ратаваць улюбёнца, хлопцы таксама не выказалi вялiкага жадання дапамагаць Алесю.

У бок школы пайшлi мы ўтрох: Алесь Агафончык, Алесь Ласевiч i я.

— Я б яго выцягнуў, але ён баiцца — уцякае. Я руку ў дзiрку апушчу, а ён у другi канец ямы плыве, — расказваў па дарозе Агафончык, i ягоныя вочы плавалi за тоўстымi павелiчальнымi шкельцамi акуляраў.

У Агафончыка была пiянерская звычка гля­дзець субяседнiку ў вочы, таму ён iшоў на паўкроку паперадзе, не раўнуючы, як той сабака...

— Ну i смурод! — Алесь Ласевiч спынiўся метраў за дваццаць ад пабеленага будана прыбiральнi. І сапраўды, цяжкi дух хвалямi разыходзiўся ад доўгай шара-срабрыстай прыбiральнi, на сцяне якой чарнелi два вялiзныя павукi лiтараў «М» ды «Ж».

— Ён там яшчэ плавае... — Агафончык першы зайшоў у смуродлiвую хвалю. Па звычцы мы памкнулiся ў мужчынскае аддзяленне. Чатыры цёмныя адтулiны заваражылi мяне. Агафончык апусцiўся над адной i прыняў такую позу, нiбыта ў спартыўнай зале збiраўся адцiскацца ад падлогi. Агафончык — чалавек спартыўны, i ўсе практыкаваннi рабiў нiбыта дзеля ўзору, дзеля прыкладу — рабi, як я. Пераадольваючы млосць, я зазiрнуў у адтулiну. Па-над алейнымi пералiвамi густой жыжкi ўзвышалася адно сабачая галава.

— Не дастанем адсюль, трэба ў жаночае аддзяленне iсцi.

На слушную прапанову Ласевiча заструменiўся гук падзення сiкуноў.

— Хто гэта там? — Агафончык ускочыў i ўта­ро­пiўся на дашчаную перагародку, што сiм­ва­лi­за­вала наяўнасць процiлеглых полаў.

— Я!

Мы ўтрох паглядзелi на дошкi, з-за якiх пры­ляцела такое самаўпэўненае, ну проста экзiс­тэн­цыяльнае «я».