Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 60

Адам Глобус

Кроў падала з носа на сумёт, а ты хапаў чырвоны снег i прыкладаў да разбiтага твару — хацеў зрабiць, як было, сабраць, зляпiць, аднавiць... Цябе апанаваў страх. Школьнiк паслухмяна стаяў, схiлiўшыся над акрываўленым сумётам. Ты па­вярнуў ягоны твар да сябе i сказаў, гледзячы ў спужаныя шырокiя вочы: «Прабач, паблыталi».

Ты з братам пайшоў, а хлопец застаўся. У на­стаўнiкаў ты дазнаўся, у якiм кабiнеце зна­хо­дзiцца клас, дзе вучыцца сапраўдны крыў­дзiцель. Настаўнiк фiзкультуры з непрытоенай садысцкай радасцю дазволiў табе вывесцi з залi дзябёлага хлопца, якi насiў траскучае, як пусты арэх, прозвiшча Шкробат. «Будзеце бiць?» — спытаў ён у школьным аснежаным садзе. А ты сказаў, што першы раз абы­дзецца без бiцця. Цябе ўсё яшчэ калацiла ад выгляду акрываўленага сумёту. Шкробат паабяцаў, што больш не чэпiць брата i больш за тое — бу­дзе яго баранiць. Ты прайшоў тады пад яблынямi, такiмi ж крохкiмi, голымi, чорнымi, як i цяпер, калi спяшаешся на работу. Ты бяжыш праз дзiцячыя i юнацкiя страхi, яны падпiльноўваюць за кожным рогам, на кожным скрыжаваннi... Ты так хацеў бы збавiцца ад iх, уцячы, забыцца... Але цi магчыма ўцячы? Навокал бясконцыя люстраныя лабiрынты дзiцячых страхаў, у якiх губляецца нават уласнае «я».

Мiнск. 19.II.992

Млосці

(аповесць пра гiдкасцi)

Гiдка. Ну, калi хочаш, тады раскажу, як пачуццё гiдлiвасцi перапаўняла мяне...

На летняй практыцы пасля другога курса. Мы жылi ў вёсцы Латыголь. Елi ў школьнай ста­лоўцы, а ўвечары куплялi малако. Выдатная вячэра — малако з лустаю хлеба. Дзяўчаты з нашае групы таксама прыносiлi сабе слоiкi з малаком. Выйшаўшы на ганак, я ўбачыў, як з прыступак у траву скокнула жабка. І з’явiлася думка: укiнуць жабку ў слоiк з малаком. Так i зрабiў, укiнуў жабку ў поўны трохлiтровы слоiк i ўжо закрываў яго капронавай накрыўкай, як убачыў на паверхнi лупавокi тварык. Я вылавiў жабку, прывязаў ёй нiткай да нагi каменьчык, каб гадаўка не ўсплывала, i апусцiў у малако. І ў думках не было, што яна захлынецца, выпрастае свае тонкiя лапкi. Заставалася чакаць. Першай вярнулася з вулiцы Галя. Налiла малака поўную шклянку i спакойна выпiла. Другая — Жанна — паспела выпiць толькi паўшклянкi, бо, калi Галя налiвала сабе чарговую порцыю, у малацэ паказалася здохлая жабка. Жанна папярхнулася, малако палiлося праз нос. Асабiста ў мяне жабка ў малацэ, нават нежывая, не выклiкае агiды. Мусiць, таму я адзiн мог пiць з таго слоiка.

На той самай практыцы было яшчэ адно здарэнне, якое выклiкала амаль ва ўсiх пачуццё гiдкасцi. А галоўным персанажам выступiў маленькi кудлаценькi сабака. Я так i не ведаю, цi меў ён якога гаспадара. Мусiць, меў, бо ў вёсках меней валачашчых сабак, чым у мястэчках i гарадах. Гэта на гарадскiх i местачковых сметнiках сабачая гайня — зусiм не дзiва.