Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 59

Адам Глобус

Яна распакоўвала сумку, прынесеную з прадуктовае крамы, i мiж iншым пыталася: «Як ты тут адзiн?» А ты не згадваў пра чытача, якi так упарта шчамiўся, лез, iмкнуўся ў бiблiятэку. Ты пазнаў яго ў акне, але тады было ўжо сорамна за свае хованкi. Ты ж нават ведаў, дзе жыве гэты тоўсты, нязграбны ў сваёй паўнаце, бяскрыўдны дзяцюк, якi глытаў адзiн за адным французскiя класiчныя раманы. Ён любiў зборы твораў... Бальзак, Заля, Мапасан, Флабэр, Гюго... Якiх ты так i не палюбiш. Спешка. Мiтусня. Твае жанры — навела, апавяданне, мiнiяцюра... А ў яго — раман. Ён сапраўдны стопрацэнтовы бiблiятэчны чытач. А прозвiшча ён насiў — Сiмаковiч. Яму дазвалялася браць па пяць-шэсць тамоў, а iншыя выносiлi з бiблiятэкi не больш як тры кнiжкi. А ты быў неабмежаваны, ведаў самыя патаемныя мясцiны, самыя запаветныя стэлажы i шафы, мог даставаць i гартаць найкаштоўнейшыя выданнi мiнулых стагоддзяў, якiя ахвяравалi расейскiя бiблiятэкi будаўнiкам разбуранага су­светнаю вайною Мiнска. Ты мог перабiраць кнiжкi, якiя чытачы прынеслi на змену згубленых. Нават тумбачка з забароненай уладамi лiтаратураю адчынялася для цябе. Што казаць пра розныя там белетрыстычныя i модныя аповесцi. Бiблiятэка цалкам належала толькi табе. Усе астатнiя — супрацоўнiкi i наведнiкi, вартаўнiкi i госцi, а гаспадаром быў ты. І меў магчымасць, уладу, права не адчыняць нават бяскрыўднаму аматару класiчных раманаў, якi насiў такое папярова-шапаткое прозвiшча — Сiмаковiч.

У бiблiятэцы нiколi не адчуваеш сябе самотным. Там перажываннi iншага кшталту. Жаданне навучыцца чытаць дзве кнiжкi адначасова. І колькi гадзiн марнавалася на гэтую навуку! Але якое потым салодкае паветра, калi выйдзеш з бiблiятэкi на вулiцу! I нават дзiцячы садок, i нават будынак школы не выклiкаюць адразу непрыемных успамiнаў, не абуджаюць страху... Але ты спяшаешся, ледзь не бяжыш уздоўж цэментавага паркана, за якiм чарнее апусцелы зiмовы сад. Школьныя яблынi, якiя палiваў i ты, i твой малодшы брат. Ён не любiў школу. У яго былi вечныя канфлiкты з настаўнiкамi i вучнямi. Аднаго разу яго пабiў старшакласнiк. І брат, седзячы на кухнi, сказаў, што ў школу больш не пойдзе. І ты можа з гадзiну выпытваў у яго прычыну. А потым прапанаваў паслугi сваiх кулакоў. Брат дакляраваў, што ведае дом, дзе жыве крыўдзiцель.

Назаўтра ранiцай вы ўсталi яшчэ зацемна i прыйшлi да таго панельнага пяцiпавярховiка, дзе жыў старшакласнiк, якi разбiў i скрывiў нос твайму роднаму брату.

На вулiцы — мароз, снег, люты, вы чакалi ў пад’ездзе, каля гарачай батарэi. Ты сказаў брату, што, як толькi з’явiцца вораг, абавязкова трэба крыкнуць, той або не той. Паўз вас выходзiлi на мароз нявыспаныя i таму злыя людзi. А вы кожны раз, як толькi ляпалi дзверы, напружвалiся, збiралiся, спынялi дыханне. Нарэшце на сходах з’явiўся школьнiк з партфелем пад пахаю. Брат выкрыкнуў чамусьцi тваё iмя. Пераскокваючы праз дзве прыступкi, ты кiнуўся на хлопца з партфелем. Ударыў у нос. А калi ён пачаў падаць, схапiў за куртку i прыцiснуў да паштовых скрынак. Бiў трапна, моцна, жорстка. Пакуль не ўчуў братаў крык, з якога праступiла — не той. Тады выцягнуў хлопца на двор, на мароз, на снег...