Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 58

Адам Глобус

«Хто забiў майго хлопчыка?» I нiхто не адказ­ваў. Маўчалi. Спачувалi. Страшна. А ён усё хадзiў i хадзiў каля веснiчак.

Тых веснiчак, якiя я не любiў, бо праз iх iшоў у садок, а з садка выходзiў праз iншыя. Бег да мацi ў бiблiятэку, што мясцiлася ў чатырохпавярховым шарым iнтэрнаце, якi належаў будаўнiчаму трэсту. У бiблiятэцы цiшыня, пыл, кветкi на шырокiх падваконнях. Прасiў маму не выкiдаць чырвоныя пялёсткi амарылiсу, збiраў, засушваў, любаваўся. Каля гаршчочкаў з кветкамi лепш за ўсё вучыцца любiць кнiгi. Але жыў у пустой бiблiятэцы i свой страх. Незлiчоная колькасць стэлажоў. Шчылiны мiж палiцамi, за якiмi зноў стэлажы i шчылiны, шчылiны i стэлажы.

Мацi часам сыходзiла i зачыняла цябе аднаго. Даводзiлася стойвацца ў кутку i пазiраць на варожыя ў сваiм сухiм, шорсткiм, прапыленым пакоi палiцы i шафы. Углядацца ў цёмныя прагалы над кнiжнымi карэньчыкамi, з якiх вось-вось павiнна было нешта з’явiцца, вырасцi, запоўнiць прастору, абгарнуць, задушыць... І як рэзка, варожа, жорстка гучаў стукат у дзверы. Нецярплiвы чытач тузаў дзвярную ручку i барабанiў косткамi сагнутых пальцаў у фарбаванае дрэва. Ён нахабна зазiраў у шчылiну, праз якую паштарка што­дня закiдала ў бiблiятэку часопiсы i газеты. Вочы знаходзiлi цябе, а ты сцiскаўся, змяншаўся, залазiў пад стол, намагаўся не варушыцца i не дыхаць. Сачыў з-пад стала за паштовай, абабiтай блiскучым металам, шчылiнаю, у якую засоўваўся вялiкi глянцавiты чорна-зялёны лiст калiдорнага фiкуса. Лiст вару­шыўся, тузаўся, лапатаў, нiбыта язык у роце нямога. А настойлiвы чытач нешта неразборлiвае гаварыў, мармытаў, насвiстваў там — за дзвярыма. А тут важкi лiст ляцеў на пурпуровы ходнiк, што рассякаў чытальную залю напалам. Вечка паштовае шчылiны зачынялася. Чытач прападаў. І калi страх пацiху пачынаў адпускаць, ты вылазiў з-за стала, застаўленага скрынкамi з фармулярамi, i бачыў у акне галаву з расплясканым аб шкло белым мясiстым носам, бачыў руку, што пачынала дзынкаць у шыбу. Ты стойваўся пад сталом i ўжо не вылазiў адтуль да прыходу мацi.