Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 57

Адам Глобус

Кот не супрацiўляўся, нiбыта скарыўся свайму лёсу, ён важкiм камяком ляжаў у мяне пад курткаю, пакуль я бег праз мiкрараён да будаўнiчых пляцовак. Сцямнела. Белаваты, падобны да тлуш­чу, лёд зацягнуў лужыны. Пакiдаючы за са­бою чорныя сляды, я зайшоў у ваду па каленi. Акуратна, з пяшчотаю дастаў жывёлу з-пад курт­кi i апусцiў у сцю­дзёную цёмную ваду. Кот уздрыгнуў, паспрабаваў выкруцiцца з рук, як выкручваецца тоўсты мянтуз, але я нагою прыцiснуў яго да дна. Можа, хвiлiну цягнулася барацьба. Заплюшчыў-шы вочы, я чакаў, калi кацiнае цела перастане ўздрыгваць пад маiм ступаком. Нарэшце кот супакоiўся, я расплюшчыў вочы i, здаецца, убачыў, як лёгкiм клубочкам пары з густой вады ўзнялася душа. Яна паплыла над малочным iльдом, а потым растала ў шчыльнай сiнечы.

Я выйшаў на бераг i азiрнуўся, па лёдзе расплывалася пякельная плямiна майго грэху. Я не плакаў, але i не з’явiлася пачуцця ўпэўненасцi, я не стаў мужным, я не стаў ваяром, мной авалодала пустата, таму i не было сiлы здзiвiцца, калi пабачыў, як усплыў кот, як ён выпаўз на лёд, як, хiстаючыся, нiбыта п’яны, пакульгаў на мяне. Ён прайшоў зусiм побач, i я мог яго схапiць, раза­драць, знiшчыць. Але не варухнуўся.

Не стаў я забойцам. Зразумеў: героем не можа быць забойца. Чалавецтва робiць жахлiвую памылку, калi ўзнагароджвае i шануе людзей, якiя забiраюць жыццё ў iншых. Я ўзненавiдзеў войска, я неўзлюбiў вайсковых навукоўцаў. Цi можна называць чалавекам iстоту, якая разразае горла сабаку, устаўляе туды трубку, а потым дае мяса па гадзiнах, а потым не дае мяса i назiрае, як з трубкi крапае слiна i страўнiкавы сок? Хто пракляне лагерных дактароў? Вядома, не людзi, якiя прыдумалi маральны кодэкс вучонага, паводле якога можна забiваць пацукоў, катоў, сабак, толькi не на вачах у iхнiх суродзiчаў. Няўжо сапраўды можна адразаць пацучыную галаву нажнiцамi?!

Я вярнуўся дахаты i доўга стаяў пад душам, разглядаў ружовыя шнары на жываце. Можа, i лiлiся з маiх вачэй слёзы, але пад душам слёз не заўважыш, нават сваiх.

Ты сама прасiла расказаць пра мужнасць, вось расказаў. Засталося скончыць.

Ката я ўбачыў на наступны дзень. Вяртаўся са школы, а паперадзе iшлi дзве мае аднакласнiцы. Яны i заўважылi яго. Кот ляжаў пад вадасцёкавай трубою, абадраны, з ашчэранай пашчаю. Нехта завалок яго на дах i ўкiнуў у вадасцёкавую трубу. Кат, кiт, кут... Кот быў нежывы.

Мiнск. 24..1984 — 23.II.1993

Амарыліс

(апавяданне пра дзiцячыя страхi)

Спяшаешся, бяжыш, спазняешся. Губляеш уласнае «я». Трапечашся, як той матылёк на асветленай шыбе, б’ешся ў нябачную сцяну. А дзверы? Яны зусiм поруч — спынiся i ўбачыш. Не! Бясконцы рух, слiзгаценне на люстраной паверхнi, бясконцае бiццё, пакуль не патрапiш на злом, прагал, расколiну, пакуль не паранiш крылцы, не зломiш iх, не абцярушыш каляровы пыл. І тады адчуеш скразняк, ён астудзiць розум; верне прытомнасць, адновiць яснасць. І ўбачыш... Хутчэй за ўсё, дзяцiнства.

Стары дуб за зялёным плотам, той самы вялiкi дуб, да якога цябе падводзiў бацька, калi вёў у дзiцячы садок. Збiралiся жалуды зялёна-балотныя ў каляных шапачках, карычнявата-алейныя з рабрыстымi бакамi i вострай дзюбаю, вялiкiя, што жукi-насарогi. Поўныя кiшэнi жалудоў, такiх апетытных на выгляд, такiх няўежных i горкiх, даўкiх, любiмых. Жалуды ўратоўваюць ад маркоты. Яны маюць звычку звальвацца за падкладку палiтона, i не варта дакараць iх за гэта. А навокал позняя восень, спiртавы дух апалай лiстоты, халаднаватае сонца, сцюдзёная льдзiстая раса. Бацька пакiдае цябе каля веснiчак, тых самых дзетсадаўскiх веснiчак, побач з якiмi айчым Жэнiка Хрушча наехаў на свайго пасынка заднiм колам вялiкага грузавiка. Жэнiк загiнуў. Айчым прывозiў Жэнiка ў садок на машыне, i ўсе зайздросцiлi, усiм да трымцення хацелася пакатацца на грузавiку, пасядзець за рулём, пасiгналiць, як сiгналiў Жэнiкаў айчым, калi ўвечары прыязджаў па свайго пасынка. А загiнуў Жэнiк з-за бяскрыўднай насоўкi. Калi ты з’яўляўся ў садок без чыстай адпрасаванай, складзенай у чатыры столкi, насоўкi — каралi. А Жэнiк забыўся хустачку ў кабiне i ўспомнiў пра гэта каля самых веснiчак. Ён падбег да грузавiка, а нябога айчым, каб развярнуцца, даў заднi ход i наехаў на пасынка i задушыў насмерць. Бацькi iншых дзяцей закрычалi, загаласiлi, залямантавалi, спынiлi грузавiк, паказалi знявечаны коламi труп знiякавеламу агаломшанаму шафёру, якi пачаў совацца мiж людзьмi i пытацца: