Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 56

Адам Глобус

Разумею: мужнасць у паўп’яным асяродку — справа недарэчная, i адзiнае правiльнае азначэнне майго ўчынку будзе — суцэльнае глупства. І ўсё ж. Я абышоў стойку, за якой увiхалася восем барменак. Як я не люблю, калi вiно налiваюць жанчыны! Знаёмых мастакоў i хiпi не было. І я, узяўшы бутэльку белага сухога вiна, уладкаваўся на высокае крэсла. «Рыслiнг» быў кiслы. Я разглядаў дзявочыя клубы, якiя зманлiва пагойдвалiся пад мiнi-спаднiчкамi. І ўжо намерваўся завесцi гаворку з адной бялявай гаспадыняй крэпенькiх сцёгнаў, як побач са мною ўсеўся сiне-блiскучы афрыканец. Без уступаў i пад­рыхтовак, на благой расейскай мове ён пачаў прапаноўваць мне даляры, каб я знайшоў яму што-небудзь з цыцкамi на доўгiх нагах. Зразумела, былi ў «Рамонку» хлопцы з вусiкамi i залатымi ланцужкамi на шыi, якiя падшуквалi арабам i неграм асобiнаў жаночага полу, за што i атрымлiвалi добры заробак. Чаму афрыканец прыняў мяне за «ката», за сутэнёра? Можа, для яго ўсе белыя выглядалi на адзiн твар? Каб адразу не крыўдзiць юрлiвага чарнаскурага хлюста, я запытаўся, з якой ён краiны. Ён назваў нешта накшталт Камеруна, але з ягоным вымаўленнем можна было пачуць i Конга.

Пасля напружаных дэбатаў я даведаўся: дзяр­жаўная мова ў ягонай краiне ангельская, сваю родную ён ведае, але пiсаць i гаварыць на ёй не збiраецца, як не збiраецца вяртацца ў Афрыку наогул, яго вабяць Штаты i Лондан. Вiно ў мяне скончылася, i разам з жаданнем выпiць яшчэ захацелася трупнуць па маленькай кучаравай галоўцы парожняй бутэлькай. Мяне да самых глыбiняў душы пакрыўдзiў касмапалiтызм англамоўнага афрыканца. Я перайшоў на беларускую мову i пачаў лаяцца на збянтэжанага негра бруднымi словамi. Лаяўся я даволi гучна, i да нас падышлi хлопцы з вусiкамi, яны хутка па-ангельску даведалiся пра юрлiвыя намеры негрытоса i звялi яго, а мне, каб заткнуў зяпу, купiлi бутэльку кiславатага «Рыслiнгу». І я заткнуўся. І пакрыўдзiўся на самога сябе. Як можна так апускацца? Як гнюсна выглядае мой патрыятызм сярод прасталытак, студэнтаў i «катоў». Самае лепшае ў гэтым здарэннi тое, што ў мяне знайшоўся яшчэ адзiн вораг, i гэта я сам — п’яны, нястрыманы, нахабны. Трэба сачыць за сабою. Банальна i нудна, але неабходна. Так, як трэба дарасказаць табе гiсторыю пра забойства ката ў сутарэннях.

Калi жывёлiна перастала ўздрыгваць, я адпус­цiў вяроўку, кот упаў на падлогу. Я схiлiўся над скамянелай жывёлiнай i пачаў абмацваць неру­хо­­мае цела. Не ведаю, як я адчуў, што кот жывы, нейкi iмпульс прабег па маiх пальцах, нешта накшталт ледзь чутных удараў току. Не памёр! Жыве! Прыкiдваецца! Радасць iмгненна ператварылася ў жор­сткасць, у агрэсiю. Утаплю! Занясу на бу­доў­лю, дзе ў катлаванах стаяць глыбокiя лужыны.