Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 55

Адам Глобус

Пры ўсёй наiўнасцi i рамантызме, мы ўсё ж разумелi i ўсведамлялi, што ў 70-х у СССР быў толькi адзiн шлях: аднаўленне карнага апарату. Карацей, наш гурток так i не правёў нiводнай акцыi, бо, чытаючы класiку, мы паверылi не Янку Купалу i Максiму Багдановiчу, а Францiшку Багушэвiчу. Знаць Чачота ўсе павiнны, i пра Зана дабрачыннасць, пра Касцюшку i Манюшку, i пра песняроў. Рукi iм падаўшы, знаю, зробiм болей мы для краю, чымсьцi разам у бойках стойка пралiваўшы кроў. Можна было б не пагадзiцца з Францiшкам, якi ўпiсаў у шыхты iнтэлiгенцыi Т. Касцюшку. Але гэтая драбяза нас не засмуцiла, накiрунак — вось аснова. І я не шкадую, што яна прывяла да самазнiшчэння падпольнага таварыства аматараў беларускага слова. Былi ж набыткi: мы навучылiся чытаць беларускiя кнiжкi, навучылiся верыць адзiн аднаму, што было самым цяжкiм, навучылiся не саромеючыся абмяркоўваць патаемныя жаданнi i памкненнi. І хай у ахвяру быў пакладзены эгацэнтрызм i ў нейкай ступенi ягамосць, але ж прыйшло разуменне, што найвышэйшая пабудова iерархii — роўнасць, якая грунтуецца на даверы.

Юнацтва скончылася. Вядома, рэцыдывы са мною здаралiся, вось адзiн з iх адбыўся ў кавярнi «Рамонак». Яе столькi разоў перараблялi, што давядзецца расказаць, як яна выглядала на той час. На першым паверсе гандлявалi кандытарскiмi вы­рабамi. Палiцы зiхацелi цукеркамi з фабрык «Ка­мунарка» i «Спартак». У зашклёных вiтрынах iль­снiлiся тлустымi бакамi тарты. Каля касавых апа­ратаў вiлiся чэргi тоўстых кабетак сярэдняга веку, якiя так i не ўсвядомiлi, што ад салодкага набiраецца лiшняя вага. Зграйкi школьнiкаў падлiчвалi капейкi на мармелад i марозiва. Пра­даўшчыцы раздражнёна пакрыквалi на шматлiкiх пакупнiкоў, што панаехалi з вёсак i мястэчкаў. На другiм паверсе панавала зусiм iншая атма­сфера, бо не было дзябёлых жанчын з заводскiх ускраiн, не было разявак з правiнцыi ды гаманлiва-вiсклiвай дзятвы. Там вакол вялiкай стойкi, што стаяла пасярэдзiне лiтарай «О», фланiравалi дзяўчаткi i хлопчыкi, ахрышчаныя «залатой моладдзю». Яны знаёмiлiся адно з адным, пiлi каву, вiно i кактэйлi з прымiтыўнымi i кiдкiмi назвамi «Фламiнга», «Паўночнае ззянне», «Рамонак». Яны слухалi музыку «АВВА» дый «Boney M». Яны любiлi пагаварыць пра Швецыю, Югаславiю, ЗША, пра Альбэра Камю, Сальвадора Далi, крыта-мiкенскую культуру, ангельскую мову, секс i абмежаванасць усяго савецкага. Яны вучылiся пiць каву без цукру i не напiвацца алкагольнымi напоямi. Не ва ўсiх тое атрымлiвалася, але я пра iншае, пра мужнасць.