Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 54

Адам Глобус

Гэта знiтавана з перакосамi ў афiцыйна пры­нятай маралi, што панавала на тэрыторыi сацыя­лiстычнага лагера. Мастакам дазвалялася маляваць трупы людзей, якiя загiнулi ў барацьбе. І чым больш было тых трупаў, тым большую павагу меў iх стваральнiк. На палотнах i кiнаэкранах ляжалi горы трупаў, i нiкога яны не хвалявалi. Былi свае i чужынцы, было апраўданне крывi, дзеткi насiлi кветкi да абелiскаў. Войны падзялялiся на правiльныя i няправiльныя, захопнiцкiя i вызвольныя. У падручнiках па гiсторыi змяшчалiся фотаздымкi часоў другой сусветнай вайны: шы­бенiца, вайсковец уздзявае пятлю на дзявочую шыю, побач вiсiць хлапец са звязанымi за спiнаю рукамi, цi — местачковы пусты пляц, чатыры павешаныя мужчыны. Яны нам такое рабiлi, дык мы iм зробiм яшчэ i не такое! Заставалася рас­тлумачыць, хто — яны i хто — мы. Мы — рускiя, яны — немцы. Але гэтая схема падыходзiла да першакласнiка i зусiм не апраўдвала сябе сярод старэйшых. У дзедавай вёсцы расейскiя казакi закатавалi, паадразалi мужчынам чэлесы шаблямi за нейкую ўяўную сувязь з расейскiмi партызанамi. Таму схему дапрацавалi — увялi здраднiка. Ёсць яны, ёсць мы i яшчэ здраднiкi, юды. Але што рабiць з павешаным, закатаваным чорным катом? Дзе на малюнку вораг, а дзе свой? Кот не ўваходзiў нi ў якiя лагеры, не ўступаў у партыi, ён не мог здрадзiць, атрымлiваецца, што ён свой, наш. А той, хто павесiў, чалавек — вораг. Але чалавек — цэнтр сусвету, так вучылi ў школе на занятках па бiялогii. Чалавек — гучыць горда. Чалавек!

Вораг не чалавек. Вораг — мастак, iнтэлiгент, драбок праслойкi памiж сапраўднымi людзьмi: пралетарам i селянiнам. Толькi вораг мог намаляваць павешаную жывёлу i тым абразiць як савецкага чалавека, так i Чалавека з вялiкай лiтары. 1975 год, у СССР нiхто не парушае ўсталяванай маралi, акрамя вар’ятаў i паўвар’ятаў, якiм лекары паспешлiва выдаюць даведкi. Не любiш таталiтарны рэжым — вар’ят. Не хочаш служыць у войску, дык толькi скажы, i на сорак дзён трапiш у вар’ятню. А тут раптам маленечкi малюнак: павешаны кот. Прыстойная заля з мяккiм святлом, цiшыня, зашклёныя рамкi, малюнкi. У адной з рамак фотатвар мастака: барадаты сярэдняга веку чалавек i зусiм не вар’ят, здаецца дзiўна, але чэшскi мастак падтрымаў мяне вельмi моцна. Значыцца, можна парушаць таталiтарную мараль, бо ёсць шчылiны, нiшы, закуткi, куды не трапляе святло цэнзурных лiхтароў. Ёсць патаемныя месцы, пра якiя забылiся напiсаць у iнструкцыях i цыркулярах. Іх трэба знайсцi, убачыць.

I я шукаў, спачатку адзiн, потым шукалi ўтрох — я, Алесь Ласевiч дый Сiмачка Кудлач. Нам пашанцавала, бо вельмi хутка мы праскочылi ўласныя намеры стварыць тэрарыстычную суполку. Нават праз дваццаць гадоў я здзiўляюся жудасцi сваiх прапаноў, калi ў лесе каля вогнiшча гаварыў: тэрор у iдэале сваiм не мае адраса, бо ахвяра павiнна быць выпадковая — на каго Бог пашле. I адзiнае, над чым варта задумвацца тэрарысту, як пры мiнiмальных затратах энергii зрабiць максiмальнае разбурэнне грамадства i дзяржаўных iнстытутаў. Да прыкладу: выбух у маленькiм аўтобусе з дзецьмi зрушыць грамадскую думку пра ўрад у сто разоў больш, чым пажар на бензаскладах. Матэрыяльная шкода мiзэрная ў параўнаннi з маральнай. І хай сабе старажытныя габрэi сцвярджалi, што выбiтае вока цi зуб можна кампенсаваць грашыма, але кампенсаваць смерць дзiцяцi, як i любой iншай жывой iстоты, немагчыма нiчым, нават забойствам злачынцы. Таму дзяржава, у якой з’яўляецца тэрарызм, раней цi пазней будзе вымушана змянiць свой грамадскi лад, цi самой увесцi тэрор, надзялiўшы мiлiцыянтаў правам забiваць.