Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 50

Адам Глобус

Катлеты ляжалi на панiве, заплаўленыя ў бла­кiт­наваты мутны тлушч. Я вырваў самую большую катлету i, зацiснуўшы ў пальчатцы, адчуў, якое слiзкае ў яе цела. Каб толькi нiхто не ўбачыў! Каб толькi нiхто не ўгледзеў! Я баяўся, апускаючыся ў лiфце. Кот сядзеў на месцы i пастукваў па бруднай падлозе кончыкам тонкага хваста. «Кыцы-кыцы-кыцы!» Я выцягнуў насустрач кацiнаму чорнаму носу руку з халодным камяком катлеты. «Мяўр-р-р». Жывёлiна ўзнялася i затанчыла на прамых нагах.

— Якая смачная катлета, мама гатавала, купляла мяса, пракручвала праз мясарэзку разам з белым хлебам, ляпiла, смажыла.

Кот пракаўтнуў вялiкi кавалак i зазiрнуў мне ў вочы, глыбока, да самай душы, на сподзе якой каламутна ўздымалася чарната. Ён натапырыўся, поўсць на спiне ўзнялася, хвост апусцiўся, лапы сагнулiся. І ў гэтае iмгненне мая рука схапiла ката за каршэнь i ўзняла ў паветра спаралюшаваную жывёлу. Жаласнае тонкае мяўканне зазвiнела на ўвесь пад’езд. Давялося засоўваць ката ў запазуху, пад сiнюю балонневую куртку i трушком, азiраючыся па баках, бегчы ў сутарэннi. Жывёлiна тузалася, драпалася, выдзiралася з балонневай задушлiвай пасткi, яе цела выкручвалася, уздрыгвала, бiлася, але я абедзвюма рукамi прыцiскаў ката да грудзей, як прыцiскаюць найкаштоўнейшую, найдаражэйшую, найлюбiмейшую рэч.

У сутарэннях смярдзела пракiслымi сiкунамi, капустаю i саладжавай леташняй бульбаю. Я стаiўся каля ўжо зачыненых дзвярэй, услухоўваючыся ў пыльную цямрэчу. А цi няма тут каго? А цi не заспеюць мяне цiкаўныя вочы за злым заняткам? У тоўстых, абматаных шклаватаю трубах глухавата булькатала вада. Кот, адчуўшы маю няўпэў-ненасць, паспрабаваў выдрацца, ягоная лапа з вы­пуш­чанымi кiпцямi высунулася з-пад курткi i апус­цiлася на маю шыю. Мне перакрывiла твар сутарга болю, мае рукi выцягнулi драпежную жывёлiну на паветра, бразнулi аб зямлю i пры­цiснулi да падлогi. Мярзотнай, кудлатай змяёю кру­цiўся ў паветры кацiны хвост, ён звiваўся ў самыя неверагодныя петлi, а мая правая рука ўжо выцягвала бялюткую вяроўку.

Што можа быць сiмвалам чысцiнi? Вядома, насычаная ветрам i холадам бялютка-галубовая прасцiна. І я нiколi не разумеў, чаму самагубцы выбiраюць у крамах менавiта вяроўкi, на якiх жанчыны сушаць кашулi, наўлечкi ды прасцiны. У мастацкай вучэльнi быў вельмi папулярны матыў з бялiзнаю. Асаблiва ўдалая кампазiцыя атрымалася ў Ігара Кашкура: навальнiца ў мiкрараёне, чорнае неба, крылы прасцiнаў, скручаныя жаночыя постацi, што, утаймоўваючы бялiзну, скiдаюць яе ў эмалiраваныя мiсы. Мяне, па шчырасцi, белыя сцягi баязлiўцаў «рукi ўгору» не натхнялi, бо цiкавiлi iншыя штандары: у краязнаўчым музеi я перамаляваў сабе ў нататнiк трохкутны сцяг з пагоняю, пад якiм змагалiся за незалежнасць касiнеры Кастуся Калiноўскага. Юначы экстрэмiзм? Цалкам магчыма. Хто з нас задумваўся, пад якiм сiмвалам выходзiць на бой? Дарэчы, чорны квадрат з белым чэрапам i перакрыжаванымi пад iм косткамi таксама вабiў мяне. Анархiзм, iндывiдуал-анархiзм цi, лепш сказаць, эгаанархiзм прыцягваў сваiмi набыткамi ў галiне мастацтва. Я зачытваўся Альбэрам Камю, мяне натхнялi палотны авангардыстаў 10-х гадоў, усе гэтыя хлопцы «душа наросхрыст» з «Бубновых вальтоў» дый «Сiнiх коннiкаў». А вось нацыянальнае ў мастацтве, як тады казалi, нацыянальнае па форме i сацыялiстычнае па зместу, выклiкала пратэст. Я люта не прымаў саламяных конiкаў, кашулi-вышыванкi i розныя андаракi. Да неафалькларыстаў, што, займеўшы вышэйшую гуманiтарную адукацыю, падраблялiся пад народных майстроў-самавукаў, я ставiўся не лепш, чым да неанацыстаў. Ёсць у iх нешта агульнае, роднаснае, блiзкае, i не толькi прыставачка «неа», а корань «нац». Іх яшчэ яднае разумовая абмежаванасць дый творчая няздатнасць. Драбната! А вось намеры — захапiць увесь свет — не меншыя. За гэтыя глабальныя намеры мяне i ад камунiстаў адвярнула. Сацыялiсты з iх недасяжнай выспаю Утопiя падабалiся больш, але, прачытаўшы ўважлiва Томаса Мора, зразумеў: ягоная мадэль больш нагадвае канцэнтрацыйны лагер, чым свабоднае грамадства дзеля свабодных iндывiдуалаў. З блытанiнаю «iзмаў» у галаве i планам на ўсё астатняе жыццё ў кiшэнi я патрапiў на дзень нараджэння Сiмачкi Кудлача.