Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 49

Адам Глобус

Да прыкладу, у маiм сшытку абвяшчэнне не­залежнасцi iшло самым апошнiм, а перад iм стаяла стварэнне войска i агульнай для беларусаў рэлiгii, цi лепей сказаць, светапогляду, якi сфармуецца мастацтвам, лiтаратураю, фiласофiяй. На ўсе свае планы я даваў пяцьдзесят гадоў жыцця. І ўсё ўсур’ёз, патаемна, цiха. Да маiх на­кi­даў можна было б паставiць эпiграф: «Усё вартае робiцца цiха, цi хоць бы iмкнецца рабiцца патаемна». Якая абуральная памылка! Цяпер бачу памылку ў сваёй нянавiсцi да святла. Гэта забойства робiцца ў цемрадзi, у страху, пад крыламi таямнiцы i невыказнасцi. Забойства, на якое я свядома пайшоў, калi вучыўся ў пятым класе зусiм сярэдняй мiкрараённай школы.

Я вяртаўся пасля заняткаў, перапоўнены жаданнем набыць нож. Ён павiнен быць вялiкi, з касцяным брунатным тронкам, з шырокiм люстранiстым лязом, з войстраю дзюбаю i глыбокiм крывасцёкам. Ягоная сталёвая прахалода павiнна захоўвацца ў чорных скураных похвах, прашытых з аднаго боку белай тоўстай нiткаю. Такi паляўнiчы нож я бачыў у сваяка Болеся. Той пакручваў халодную зброю перад маiм тварам i казаў, што з такiм нажом можна i мядзведзю горла перарэзаць. Наконт мядзведзя Болесь хлусiў, бо такiм нажом, калi i перарэзаць мядзведжую шыю, дык толькi ў тым выпадку, калi жывёлiна будзе цiха ляжаць на кастрыцы з прастрэленай скронню.

Іншая справа — Болесеў штых-нож, зроблены ў Нямеччыне. Вузкi, доўгi, як шчупак, цёмны, востры штых захоўваўся ў пограбе, пад падлогаю, i даставаўся толькi, каб зарэзаць парася. Болесь рэзаў парасят лепш за ўсiх на свеце, а потым пiў з алюмiнiевай конаўкi насоленую цёплую кроў i гучна смяяўся, скалячы акрываўленыя рэдкiя жоўтыя зубы. «Бр-р-р!» — трос галавою Болесь i сплёўваў ружовую цягучую слiну на ранiшнi блакiтны сняжок. Пра нямецкi штых-нож можна адно толькi марыць. Можна ўкрасцi, але такi ўчынак здаваўся мне задробным i гнюсным. Лепш ужо збiраць пустыя пляшкi ў парках i на могiлках, здаваць iх, хаваць грошы, а потым пры­дбаць у якога майстра з трактарнага завода нож. Цi яшчэ лепш падысцi да турмы i дамовiцца праз плот з зэкамi, яны за iндыйскую гарбату давалi добрыя нажы з яркiмi, шматколернымi наборнымi тронкамi.

Мае летуценнi спынiў пiльны позiрк кацiных вачэй. Кат, кiт, кот, кут... Ён чорна-брунатны, кудлаты, з вострымi вушкамi i танклявым пацучыным хвастом сядзеў у кутку каля трубы смеццеправода i фосфарнымi вачыма паглядаў на мяне. Заб’ю. Я ўзняўся на лiфце дадому, шпурнуў ранец з падручнiкамi на падлогу ў перадпакоi, не здымаючы чаравiкаў, пабег праз залю ды бацькоўс­кую спачывальню на гаўбец, дзе ў белай тумбачцы ма­цi захоўвала скруткi вяровак, на якiх сушыла бялiзну. Рукi паабдзярэ сваiмi зубамi i кiпцюрамi. Давялося шукаць скураныя бацькавы пальчаткi, чорныя з металёвымi кнопачнымi зашпiлькамi. Уцячэ! Убачыць мяне з вяроўкаю, у пальчатках, усё зразумее, адчуе, шусне памiж ног, i толькi яго бачылi.