Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 48

Адам Глобус

Асаблiва жорстка мужчынскае пытанне паўста­ла для мяне ўвосень на трэцiм курсе вучэльнi, калi пачалi цягаць у вайсковы камiсарыят, калi замест адной настаўнiцы паталогii на мяне вызверылася савецкае грамадства са сваiм усеагульным вайсковым абавязкам. Як я ўзненавiдзеў усiх праспiртаваных палкоўнiкаў Івановых, Пятровых, Мухiных з iх аўтаматамi, кулямётамi, ордэнамi i пяцiрогiмi зор­камi, у якiх паблiсквала залатая свастыка, скла­дзеная з сярпа i малатка. Што можа быць больш мярзотным за шматок паперы, на якiм напiсана: ты абавязаны з’явiцца ў вайсковы камiсарыят, а калi не з’явiшся, дык пойдзеш пад суд?! Павер мне, нiчога ў свеце не выклiкае такой гiдлiвасцi, як позва ў войска. І таму мужчыны iх выкiдаюць, рвуць, не прызнаюцца, што бачылi. І таму другiя мужчыны грукаюць па начах у дзверы i бяруць подпiс, што ўручылi гэты гнюсны шматок паперы з рук у рукi. А назаўтра ранiцай даводзiцца плесцiся да прапаршчыкаў, лейтэнантаў i капiтанаў, гадзiнамi стаяць у калiдорных чэргах, тлумачыць, што ёсць iншы закон, якi дазваляе студэнтам i навучэнцам атрымаць дыпломы...

— Прэч на хрэн, мастак сраны!

Так здараецца ў лепшым выпадку, а ў горшым — даводзiцца лазiць уночы па чужых i мала­знаёмых вулiцах, шукаць адрасы, грукаць у дзверы, палохаць людзей, каб соннаму мужчыну ўсунуць у рукi позву. «У войску няма хворых! Ёсць жывыя i мёртвыя!» Мусiць, таму я нi разу ў жыццi не занёс у камiсарыят даведку з лякарнi. Я iнтуiтыўна прыняў асноўны пастулат войска — жывы альбо мёртвы. І не трэба мець вялiкага розуму, каб зрабiць наступны крок. Супраць войска i грамадства можа супрацьстаць таксама войска, толькi з iншымi ўяўленнямi пра грамадскi лад. Супраць чырванасцяжнага iнтэрнацыянальнага савецкага павiнна паўстаць нацыянальнае згуртаванне.

Небяспечныя высновы я зрабiў у цёплым со­неч­­ным парку «Рыўера» на ўзбярэжжы Чорнага мора. Сядзеў на лаўцы, маляваў пальму з валасянiстым камлём i раптам падумаў: у Раi растуць пальмы, i добра б было вярнуць на зямлю Рай. Я зачапiўся не за слова «рай», а за слова «вярнуць»... Што вярнуць? Расейскую царскую iмперыю? Турму народаў? Не! Вярнуць маленькую Народную Рэспублiку. Так! Аднавiць, ажывiць, рэанiмаваць, адрадзiць БНР — Беларускую Народную Рэспублiку. Тсс-с-с. Цiха. Нiкому нi слова, нi паўслова. Данясуць. Закладуць. Прададуць. А тады арыштуюць, засудзяць, паса­дзяць. Тады — турма, катоўнi, смерць. І замест Раю атрымаеш пекла. І замест Каўказа будзе Сiбiр, а замест пальмы — елка, у лепшым варыянце.

Страх — вызначальнае пачуццё ў паводзiнах беларуса. Страх за сябе, за родных, за блiзкiх i за чужых. Татальная ўсебеларуская баязлiвасць. Як па­збыцца перапуду, страхаў, пярэпалахаў? Не ведаю, як рабiлi iншыя, ведаю, як рабiў сам. Пайшоў у краму i ў аддзеле канцылярскiх тавараў набыў танюткi, у дванаццаць аркушаў, сшытак для арыф­метыкi. Схаваўся ў цёмны куток парку «Рыўера» i пачаў пiсаць план уласнага жыцця. Наiўна? Рамантычна? Па-юнацку прымiтыўна? Можа, i так, толькi планы мае рэалiзавалiся, цi, як гавораць неадукаваныя палiтыкi, увасобiлiся ў жыццё. І адбылося тое раней, чым я думаў. А самае крыўднае — не прадугледжаная мной змена парадкавых ну­ма­роў асобных пунктаў.