Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 51

Адам Глобус

Сiмачка — чалавек iнтэлiгентны немаведама ў якiм калене, любiў свае днi нараджэння, як чорт балота. Было ў iм эгаiстычнае, анарха-iндывiдуальнае. Мы палiлi свечкi, пiлi сухое кiслае вiно, ад якога ўвесь час мяне насiла ў прыбiральню, закусвалi смажанай качкаю i танчылi з дзяўчатамi. Напiлiся моцна. Дзяўчаткi, а iх было трое, чамусь­цi абвясцiлi, што яны полькi i адпаведна маюць перавагу над намi, беларусiкамi. Пра велiч Польшчы я i дома мог наслухацца. Не ведаю, чаму, але ў бацькi ёсць сентымент да заходнеславянскага народу. Можа таму, што ён нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, можа таму, што недалёка ад ягонае вёскi жыў першы чалавек Польшчы — Адам Мiцкевiч, а хутчэй, з-за таго, што ўсе мы любiм сваё дзяцiнства, там i снег мякчэйшы i хлеб смачны. З бацькам ясна. А тут? I я драўляным языком пачаў брахаць на пшэкаў i Пшэцыю. Згадаў i лагеры для беларусаў, i закрыццё беларускiх школак, i турмы, i Беластоцкi край, якi тэрмiнова трэба адваяваць, вярнуць, забраць, а ўсiх палякаў выгнаць к чортавай матары, як з Беласточчыны, так i з Беларусi наогул. Пра тое, што ў сваяках маю сякiх-такiх палячкоў, вядома, не згадваў. Дзеўкi смяялiся... «Ну што ты можаш зрабiць адзiн?» Вось на гэты момант i высветлiлася: я не самотны. На мой бок стаў iмянiннiк. Сiмачка Кудлач пашырыў кола нацыяналiстычнай амбiтнасцi — прапанаваў вярнуць спрадвечна беларускiя землi i гарады: Вiленскi край i Вiльню, Друскенiкi, Дзвiнск, Краславу, Смаленск, Старадуб, Бранск...

Ён спынiўся недзе пад Курскам, бо жаданне схадзiць да ветру было мацнейшае за ўяўныя заваёвы. На той момант наша кампанiя, пакiнуўшы кватэру, шпацыравала па начным праспекце ў раёне дзяржаўнага цырка. Мы ўсе забеглi пад белую балюстраду, упрыгожаную вялiзнымi вазамi, i цiшыня скверыка напоўнiлася плюскатаннем перапрацаванага вiна. Я касавурыўся на пшэчачак, што сядзелi на траве, як тры вялiзныя чорныя курыцы, з-за гэтага вiдовiшча працэс вызвалення зацягнуўся. Узбу­джанасць. Спадзяюся, ты зразу­ме­еш. Дзяўчатак, самазваных шляхцянак, мы раз­вялi па дамах, а самi дамовiлiся сустрэцца праз тры днi, каб на цвярозую галаву абмеркаваць нацыяналiстычныя парывы.