Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 52

Адам Глобус

Сустрэлiся. Сумна згадваць, але без алкаголю размова не ляпiлася, сыпалася, крышылася на драбнюткiя аскепкi...

— Добра было б разам з’ездзiць у Вiльню.

— Даўно не быў у Мiрскiм замку, пэўна, яго кан­чаткова засралi галубы.

Каб не любоў да кнiжак, перакананы, з нашых намераў выйшаў бы пшык. Сiмачка палез на антрэсолi i выцягнуў з-пад газетаў томiк Янкi Купалы, выдадзены ў 20-я гады. Мяккiя знакi, слова «Мiнск» i трагiчна-смяшлiвыя сцэны «Тутэйшыя» леглi ў падмурак нашага гуртка з двух чалавек. Купалаўскiя чытаннi мы пачалi ладзiць штотыднёва. І праз якi месяц надумалi пашырыць кола чытачоў забароненых твораў на аднаго чалавека. Сякеру бяруць пад лаваю. Я запрасiў да Сiмачкi ў госцi Алеся Ласевiча. Сагiтаваць чалавека зусiм не проста, асаблiва на нешта антыдзяржаўнае. Ён баiцца, ты баiшся. Страх накладаецца i ўзрас­тае не ў арыфметычнай прагрэсii, дзе два на два чатыры, а павялiчваецца ў разоў дзесяць-дванаццаць. Кнiжку Купалы Ласевiч узяў, i гэта была першая перамога беларускага арганiзаванага нацыяналiзму ў кватэры Кудлачоў. Далей пайшло лягчэй.

Мы радавалiся: нiхто нiкому нiкога не заклаў. А наш купалаўскi гурток пачало моцна заносiць улева, да тэрарызму. Тэрор — вельмi прывабная рэч, як свежанiна. Рэжце гiтлерцаў паганых, каб не ўскрэслi век яны! Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, не давайце чужынцамi быць! Але ад тэарэтычнай да рэальнай агрэсii, дзякуй Богу, досыць вялiкая адлег­ласць. Скажу адразу, каб ты не хвалявалася. Мы так i не дайшлi да падкладання выбуховых прыбораў у дзiцячыя садкi цi школы. Нашыя пошукi ў галiне гвалту спынiлiся значна раней чым у нацыяналiстаў Ірландыi цi баскаў. Асабiста мяне да развагаў пра тэрор вельмi падштурхнуў адзiн малюнак, зроблены на белых дзвярах грамадскай прыбiральнi ў Палацы мастацтва. Нейкi габрэй накрэмзаў чорнай шарыкавай ручкаю шасцiканцовую зорку Давiда i напiсаў: «Мы есть». Не разважаючы, не раздумваючы дый не аналiзуючы сiтуацыi, я дастаў аловак i зрабiў работу над памылкамi. Пад габрэйскай зоркаю ўзнiк iншы надпiс — «Мы ёсць», за якiм чарнеў тлусты клiчнiк. У маiм варыянце надпiс праiснаваў гады са тры, а можа, i болей. Так цi iнакш, а першы крок я зрабiў, хай несвядомы, але ж зрабiў.

Зрэшты, цi бываюць першыя крокi ў дзiцяцi свядомыя i лягчэйшыя? Хутчэй, не. Клэп-клэп-клэп. І пайшоў, пайшоў, упаў, узняўся. Усмешка бяззубая. І далей, далей. Клэп-клэп. Вось так, прыкладна, пачаў i я. Значна пазней я ўбачыў сапраўднага тэрарыста, лацiнаамерыканца Карлiса, якi расказаў пра Чылi.

Карлiс быў у свае пятнаццаць гадоў перакананым камунiстам, хаваючыся ў сутарэннях, чытаў Ленiна i Маркса, а калi да ўлады прый­шоў Пiначэт — удзельнiчаў у страйку. Бедная працоўная сям’я, вера ў лепшую будучыню, Чэгевара. Карлiс панёс бомбу ў аўтобусны парк i падклаў яе ў машыну штрэйкбрэхера, як рабiлi кнiжныя i кiношныя рэвалюцыянеры. Загiнула чатыры чалавекi. Карлiс уцёк у Еўропу. З Францыi яго прагналi за ўдзел у нейкiх там чылiйскiх «чырвоных брыгадах». У Мiнску Карлiс скончыў медыцынскi iнстытут i працаваў... кiм бы ты думала? Гiнеколагам! Вось бывае.