Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 47

Адам Глобус

Кастрычнiцкiм ранкам я кiраваўся ў школу, каб у сваiм шостым класе разам з усiмi чакаць на доўгiх уроках кароткiх перапынкаў. Я абмiнуў сятчасты плот дзiцячага садка i ўбачыў на чырвоным маладым клёне, што рос каля белай сцяны трансфарматарнай будкi, ката. Чорны, блiскучы, з доўгiм пухкiм хвастом кот вiсеў на вяроўцы, перакiнутай праз кляновы сук i заматанай на камлi. Выпручанае, здзервянелае цела цiха пагойдвалася пад шалёсткiмi вогненнымi шатамi. З ашчэранага, белазубага рота тырчаў высалаплены пурпуровы язычок.

Я доўга не мог адвесцi вачэй ад чароўнага вiдовiшча блiзкай смерцi. Думкi зблыталiся, цела ахапiў паралюш, пытаннi грувасцiлiся ў маiм школьнiцкiм розуме. Чаму забiлi ката? Хто на­браў­ся смеласцi, каб накiнуць пятлю на шыю жывой цёплай iстоце i перапынiць дыханне, каб адчуць асалоду кЗта, пабачыўшы перадсмяротныя курчы? Нашто адзiн забiвае другога? Няўжо, калi я не навучуся забiваць — заб’юць, задушаць, павесяць мяне? Мае вочы павылазяць з вачнiц, язык вывалiцца з рота, а душа назаўсёды застанецца ў цялесным мяшку, яна не зможа вылецець i ўзняцца ў нябёсы. І трэба вучыцца забiваць, а гэтаму не вучаць у школе, на жаль.

У кабiнеце бiялогii давялося выслухаць малапрыемныя папрокi за спазненне. Сытая, кругла­тварая настаўнiца падкацiлася да мяне на сваiх кароткiх крываватых нагах з таўсценнымi лыткамi. Не ведаю, хто, мусiць, муж, разразаў ёй халявы на ботах, каб хоць неяк налезлi на круглыя лыткi.

— Адам, няўжо нельга выйсцi з дому на дзесяць хвiлiн раней? Няўжо трэба сто разоў паўтараць, што спазняцца на ўрокi — гэта хамства i непавага да ўсiх нас?

Хiба я змог бы задушыць гэтую сытую цётку са складчатай шыяй?

— Сядай i ведай, што ў наступны раз... — Не змагу я задушыць... —... пойдзеш да дырэктара! —... яе, i нiхто не зможа, гэтую гаспадыню бiялагiчнага кабiнета, дзе ў шклянках скурчылiся заспiртаваныя гадзюкi i вужы, а на палiцах распасцерлi пыльныя крылы шклавокiя пудзiлы качак i соваў, дзе ў кутку шчэрыцца штучны шкiлет, а на сценах выставiлi вантробы бясскурыя людзi. Якi непрыемны гук нараджае пастукванне ўказкi па вялiзным жоўтым муляжы кветкi, што ўзвышаецца на стале маёй нялюбай настаўнiцы паталогii.

Круп-круп-круп-круп-тр-руп... «Разгаворчы-кi!» Яна дужая, жорсткая, зможа схапiць мяне за горла, прыцiснуць да свайго пукатага жывата i задавiць. Ёй варта толькi захацець. А я нiчога зрабiць не змагу. Трэба купiць нож! I калi яна паспрабуе... Але спачатку... Навучыцца, пераадолець сполах, стаць мужным, стаць мужчынам i ваяром...

Па шчырасцi, я нiколi не думаў, што табе захочацца слухаць пра чыста мужчынскiя справы, пра забойствы i вайну, пра Шэкспiрава «Быць цi не быць?», якое для мужчыны гучыць iнакш... Забiваць альбо не забiваць? А для жанчыны... Нараджаць цi не нараджаць? Пытанне!