Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 46

Адам Глобус

Кроў i чырвань засцяць мне вочы. Мае ўдары не дасягаюць мэты. І вось ён памыляецца, матадор робiць недарэчны жэст. Ён выцягвае руку, каб пакласцi далонь на мой рог. Я б’ю. Рука ўзлятае. Матадор губляе раўнавагу, падае на каленi, а я на­кiроўваю ўсю сваю моц на вастрыё правага рога i б’ю. Неба! Пясок. Ён адскочыў. Уратаваўся. Трыбуны равуць. Матадор становiцца ў баявую пазiцыю. Цяпер ягоная чарга забiваць. І мы кi­да­емся насустрач адзiн аднаму, насустрач смерцi. Мае рогi ўздзiраюць праклятае паветра. Ягоная шпага трапляе ў костку хрыбетнiка, выгiнаецца i адскоквае. Мы зноў стаiм насупраць адзiн аднаго. З хованак павыходзiлi тарэадоры. Вакол мяне чырвань, полымя, пекла. А самы чырвоны язык полымя апускаецца ўсё нiжэй i нiжэй. І я, зачараваны гульнёю крывавага колеру, нахiляю галаву. Недзе там далёка, дзе сканчаецца ўсё жыццё, матадор наносiць апошнi несумленны ўдар у кропку памiж чэрапам i хрыбетнiкам. Жалеза перасякае мае нервы. Ногi курчыць сутарга. Цела валiцца на арэну.

Мяне больш няма.

Дык чаму ж не чуваць радаснага рову на трыбунах? Чаму нiхто не ўзмахвае белымi хустачкамi? На душы цяжка. Нецярплiўцы ўцякаюць з трыбуны. Але я першы, а можа стацца, i апошнi раз на кары­дзе i мушу глядзець усё да канца. Духавы аркестр грае бравурны марш. Італьянская сям’я збiраецца сыходзiць. Акрамя шчакастай дзяўчынкi, тоўстай мамы i бацькi з цыгарэтай у зубах, з iмi яшчэ два бацькавы браты. Адзiн з iх — iнвалiд на мылiцах. У яго ўсмешлiвы твар карлiка. Разумныя i чулыя браты пад рукi выносяць яго з трыбуны. Дзяўчынка нясе мылiцы. А тым часам «пахавальная каманда» сцягвае з арэны апошняга шэрага быка.

Нейкi разумнiк кiнуў з трыбуны на арэну скураны мех з вiном. Матадор падняў бурдзюк, выпiў вiна i вярнуў бурдзюк гаспадару.

Сiчаз. 18.VIII.1994

Гісторыя ката

(аповесць пра мужнасць)

Кат, кiт, кот, кут... Правiльна. Пра iх i раскажу табе.

Толькi я гаварыў кiт i думаў зусiм не пра акiя­нiчную жывародную iстоту, а пра замазку, якой замацоўваюць шкло ў аконных рамах. У сутарэн­нях дзевяцiпавярховага дома, дзе я жыў, калi ву­чыўся ў школе i мастацкай вучэльнi, былi зусiм маленькiя, на адну шыбу, акенцы. Кiт перасох i вылушчыўся, шкло трымалася цвiчкамi, i яго лёгка можна было дастаць, каб стрэлiць з рагаткi драцяным прабоем у дзявочую лытку. Ахвяра хапалася за апечаную болем нагу i пазiрала ўгору — на гаўбцы, яна ж не здагадвалася, што прабой пускаўся з сутарэнняў, праз маленечкае акенца, пад якiм, душачыся смехам, хаваўся я.

Так можна было б пачаць аповесць пра першае каханне, пра першыя спробы падлетка звярнуць на сябе ўвагу супрацьлеглага полу, пра ўсёабдымныя адносiны мужчыны i жанчыны. Але я ўжо рас­па­вёў табе пра сваё першае каханне. А цяпер раскажу пра мужнасць, пра забойства. Менавiта ў прапахлых гнiлой бульбаю сутарэннях я забiваў ката. Але думка пра забойства, пра забiранне жыцця адной iстотаю ў другога жывога стварэння прыйшла ў iншым месцы — сонечным i залатым.