Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 45

Адам Глобус

Выходзьце на сумленны бой! Не-е-е... Яны выязджаюць на забраных у латы конях, у сваiх белых строях i белых капелюшах. Яны пазакрывалi коням вочы, каб тыя не бачылi мяне — БЫКА, БОГА. І я лячу на гэтых ганебных падманшчыкаў i актораў. Я абiраю аднаго коннiка i, прыпаўшы на пярэднiя ногi, ускiдваю галаву. Рогi напорваюцца на жалезныя латы. Вострая дзiда ўпiнаецца ў мой хрыбетнiк. Якi жахлiвы паралюшны боль! Трэба адступiцца, выкараскацца з-пад дзiды. А ён, гад, у белым капелюшы, налягае на дзiду ўсiм сваiм слабым i нiкчэмным цельцам бязрогага чарвяка. О, я бачу, як адрываюцца ад зямлi конскiя капыты, як завальваецца на бок конскае тулава. Яшчэ рывок, i мае рогi распоруць конскае чэрава, i на пясок выпадуць гарачыя, блiскучыя, слiзкiя, як сярэдзiна ракаўкi, мацiцовыя вантробы. І я рас­тапчу iх капытамi, я парву iх зубамi i рагамi на шматкi, а мой доўгi шурпаты язык здзярэ з конскiх бакоў скуру. Як я хачу пачуць смяротны хрып каня! О, неба! Якi боль у хрыбцiне. І полымя чырванi недзе збоку. Яно пячэ. На яго, на матадора! I раптам — млосць i абыякавасць накатваюцца на мяне i спыняюць. Пiкадоры пакiдаюць арэну. І няма жадання кiнуцца iм услед. Яны ўцякаюць з арэны. Баязлiўцы! Як горача, гэта кроў цячэ з маёй спiны, яна цячэ па левым баку, па левай пярэдняй назе. Якi блiскучы i чырвоны ў мяне капыт. Крыкi! Яны крычаць, яны дражняць, яны раздражняюць. Яны ўбачаць маю моц. Тарэадор ускiнуў руку з бундэрыльямi, з мярзотнымi палкамi. Зараз я дастану ягоны бок сваiм правым рогам. Але ж востры боль працяў спiну. Адна бундэрылья ўсё ж трапiла ў мяне. Усё ж ён пацэлiў. Але ёсць шанец адыграцца. Другi тарэадор крычыць «Ого-го-го-о!» i, прытанцоўваючы, пачынае бегчы на мяне. Ён бяжыць да сваёй смерцi, i калi зараз не я ўскiну яго на рогi, дык наступны бык абавязкова запора гада. Узмах. Зусiм побач праляцелi мае рогi, але i ягоная бундэрылья ляжыць на пяску. І я тапчу яе капытамi, пакуль гнюсны баязлiвец хаваецца за сцяною, ратуе сваё нiкчэмнае жыццё. Я не прагну крывi. Я вегетарыянец ад прыроды. Я не забойца ў сутнасцi сваёй. Яны могуць з’есцi мяне, але я не магу з’есцi iх. Трэцi тарэадор глыбока ўганяе сталёвыя крукi ў маё цела. Неба, якi гэта боль, якая пакута, знявага, здзек... Хто адпомсцiць? Хто па­шкадуе? Хто паспачувае? Няўжо нiводзiн з iх не бачыць маiх слёз. Мне нестае паветра. Маё чэрава сутаргава ўздрыгвае. Але я бачу, як на арэну выходзiць матадор, як разгортваецца паўкружжа чырвонай тканiны. Рана на спiне пачынае пульсаваць, кроў хвалямi сцякае ў пясок тройчы праклятай арэны. Ён танчыць. Ён, улюбёнец публiкi, танчыць. Ён хоча спадабацца. Ён хоча спадабацца i сягоння, i заўтра, i вечна. Так не бывае. Яго ўсё адно чакае смерць. І хай яе прыход паскораць мае рогi. Ён падманвае мяне, ён увесь час сыходзiць, ён спрытнейшы.