Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 44

Адам Глобус

Цiкавасць да карыды пачала знiкаць. І не толькi ў мяне. Жанчыны больш глядзелi на публiку, чым на арэну. Мужчыны курылi i перагаворвалiся, стомленыя дзецi выпрошвалi ў бацькоў кока-колу. Якраз пада мною сядзела такая сям’я. Бацька, сiвы, у акулярах, з фотаапаратам на грудзях — курыў. Мацi, сапраўдная бландзiнка ў зялёнай сукнi, з залатым бранзалетам на левай руцэ — выпараўшы з сумкi цукерку на палачцы, смактала яе, перакочваючы шарык з-за аднае шчакi за другую. А палачка тым часам тырчала звонку. Дзецi, браты, аднаму тры, другому пяць, апранутыя ў чырвона-сiнюю форму футбалiстаў Барселоны, смакталi з бляшанак кока-колу. У малодшага на спiне было напiсана прозвiшча STOICHKOV. Пакуль на арэне другi матадор-няўмека мучыў i катаваў перадапошняга з быкоў, я паспеў пасябраваць з Stoichkov’ам i падараваць яму набор разлiковых бiлетаў беларус­кага дзяржаўнага банка. Вавёркi, зайцы, бабры, ваўкi, рысi, ласi не так спадабалiся Stoichkov’у, як зубр. І ён з радасцю паказаў падарункi бацьку. Той павярнуўся да мяне i сказаў: Thank you very much. Ён дарма, дарэчы, стараўся падрабляць ангельскае вымаўленне, мог бы i па-польску сказаць, я б ужо неяк зразумеў. Мне гэты маленькi Stoichkov спадабаўся тым, што падобны да мяне. І я быў такi ж белы з блакiтнымi вачыма, такi ж нэндза. З-за яго (захацелася хлопчыку да ветру) сям’я палякаў i не дачакалася апошняга забойства, сышла, пакiнуўшы на каменных прыступках мяккiя паралонавыя падушкi. Я ўладкаваўся на новае седала i сканцэнтраваў увагу на змаганнi тарэадора з быком.

На арэне я ўбачыў жывое пацвярджэнне вы­слоўю: што дадзена Юпiтэру, тое не дадзена быку. Толькi быку былi дадзены i сiла, i прыгажосць, i грацыёзнасць. А матадору Бог забыўся даць талент. «Няўжо ж яму не ясна, што калi не можаш забiць, а бярэшся за гэта, дык трэба пайсцi павучыцца». Тарэадор пачуў мой папрок, i бык быў заколаты не з дванаццатай, а з шостай спробы. Я адчуў палёгку з аднаго боку, а з другога — выпiтая за дзве гадзiны сядзення вада нагадала пра сябе. Давялося злётаць у прыбiральню. Нiчога вартага я, пэўна ж, не прапусцiў. Ну, не бачыў я пяты выезд «пахавальнай брыгады». Затое бачыў шосты вылет быка на арэну. І якога быка. Усiм быкам быка. Шэрага, як iмжыстыя прыцемкi, з мацiцовым бляскам на магутным карку, з рагамi, як руль матацыкла harley-davidson, з капытамi, што iмгненна нарабiлi такiх ямiн у пяску, якiя потым паўгадзiны заграбаць давялося. І гэты сталёвы бык не паляцеў на тарэадораў, на iх пурпуровыя посцiлкi, на iх гнюсны падман. Ён стаў i пачаў матляць галавою, рыкаць i, узбрыкваючы, пачаў грэбцi пясок. А потым ён ускiнуў галаву, нiбыта паслаў праклён несправядлiваму небу i вежам сабора Sagrada familia. Ён — бык. Адзiны i сапраўдны Бог на зямлi. Ён выйшаў на змаганне супроць узброенай зграi танцораў. Ён успенiў пясок i ўспароў рагамi неба. Ён кiнуў сваё цела асiлка на пурпуровае крыло тарэадора, а той, пагарджаны баязлiвец, схаваўся за дашчаны шчыт. Ганьба яму. І другому, якi таксама паказвае пурпуровае крысо толькi з-за шчыта.